За мінулы год беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы адгрузілі на экспарт 6 млн тон малака і малакапрадуктаў, пашырыўшы геаграфію паставак да 69 дзяржаў. На поспехах малочнай жывёлагадоўлі на знешнім контуры ў час форуму "Малочная ферма", што праходзіць цяпер у сталіцы, зрабіў акцэнт першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Ломскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб'ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, якія па асноўных відах значна перавышаюць паказчыкі ў краінах постсавецкай прасторы і некаторых еўрапейскіх дзяржавах, даюць магчымасць Беларусі не толькі забяспечваць уласную харчовую бяспеку, але і штогод нарошчваць экспартны патэнцыял. Сёння рэспубліка захоўвае высокую пазіцыю ў сусветных рэйтынгах па экспарце малочнай прадукцыі.
Як было адзначана, у мінулым годзе краіна паставіла за мяжу 6 млн т малака і малочных прадуктаў, і тэмпы росту экспарту былі сфарміраваны на ўзроўні 111,5 працэнта ў натуральным і 117,8 працэнта ў вартасным выражэнні. Доля малочнай прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту прадуктаў харчавання ў 2024 годзе склала 40,3 працэнта. Пашыраецца і геаграфія паставак. Калі ў 2023 годзе айчынныя малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы адгружалі тавары ў 59 дзяржаў, то ў 2024-м - ужо ў 69. Свае рынкі для беларускай малочкі адкрылі Алжыр, Мексіка, Кувейт, Нігерыя, Кенія і не толькі. Першы намеснік міністра звярнуў увагу, што нараўне з асваеннем новых рынкаў вытворцы імкнуцца зрабіць больш разнастайным асартыментны пералік паставак і ў тыя краіны, дзе ўжо замацаваліся.
Праграму міжнароднага форуму "Малочная ферма" прадоўжыла ўзнагароджванне нагруднымі знакамі ўзнагароды і ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча прадстаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый і раёнаў рэспублікі, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці.
"Форум лічу зручнай пляцоўкай для абмену вопытам вядучых спецыялістаў. Мы пачуем новыя прапановы і абазначым падыходы, якія дазваляюць радыкальным чынам палепшыць механізмы развіцця малочнай жывёлагадоўлі ў краіне", - сказаў на заканчэнне першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Ломскі.
Да спіса