Ратавальнікі рэкамендуюць быць уважлівымі да электраабсталявання, пячнога ацяплення і курэння
Памятайце, у «спячым рэжыме» электрапрыбор спажывае электраэнергію, а адпаведна яго вузлы знаходзяцца пад напружаннем і грэюцца, а пры няправільным спрацоўванні можа адбыцца замыканне і, як вынік - пажар. Пры гэтым дастаткова некалькіх хвілін, каб агонь распаўсюдзіўся па ўсім пакоі. Важна, адключаць электрапрыборы з сеткі і асабліва мабільныя прылады, бо, часта падзарадзіўшы гаджэт, многія, нават пакідаюць зарадную ў сетцы, што пажаранебяспечна. Пры эксплуатацыі электраабагравальнікаў, важна сачыць за іх спраўнасцю, не накрывайце і не сушыце рэчы на электраацяпляльных прыборах, не пакідайце іх уключанымі без увагі, нават калі на кароткі час неабходна сысці з дому.
Памятайце, любая печ павінна мець самастойны падмурак і не прымыкаць усёй плоскасцю адной з сценак да драўляных канструкцый. Трэба пакідаць паміж імі паветраны прамежак, або, так званую, адступку. Печ і дымавая труба ў месцах злучэння з перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне цаглянага мура або раздзелку. Не трэба забываць і пра патаўшчэнне сценак печы. Кладка печы павінна быць без расколін і шчылін, а ў коміне павінна быць добрая цяга. Каб пазбегнуць утварэння расколін у муры, у перыяд ацяпляльнага сезона коміны неабходна чысціць ад сажы не менш за адзін раз у 2 месяцы. Важна сценавыя дымавыя каналы ў межах памяшкання, і асабліва дымавыя трубы на гарышчы, неабходна пабяліць вапнавым растворам. Гэта робіцца для таго, каб на белым фоне можна было заўважыць расколіны, якія з'яўляюцца з часам. На драўлянай падлозе перад топкай неабходна прыбіць прадтопкавы ліст з негаручага матэрыялу.
Курцы, памятайце, каб пазбегнуць пажару: не курыце ў кватэры (доме), тым больш у ложку, асабліва калі ўжылі алкаголь; не выкарыстоўвайце ў якасці попельніцы папяровыя кулькі, скрынкі ад запалак або цыгарэт; пры напаўненні попельніцы, своечасова чысціце яе; не кідайце нават патушаныя цыгарэты ў смеццевыя вёдры, шахты смеццезборнікаў, з фортачак аўтамабіляў, з балконаў і лоджый; сачыце, каб попел не трапіў на гаручыя рэчы або падлогу; захоўвайце запалкі, запальніцы, цыгарэты ў недаступным для дзяцей месцы.
Для бяспекі завядзіце некалькі звычак: усталюйце ва ўсіх жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі; курыце ў спецыяльна адведзеным бяспечным месцы і выкідвайце недакуркі ў попельніцу; ніколі не курыце ў ложку; не дазваляйце курыць на лесвічных клетках і пры дзецях. Пры пажары тэлефануйце «101» і «112».