Шумныя суседзі. Што рабіць?

Жыццядзейнасць суседзяў разнастайная: ад ігры на музычных інструментах, прымянення піратэхнічных сродкаў, гучнай гаворкі і спеваў, выканання бытавых (рамонтных) работ, рэзкага закрыцця дзвярэй да шумнага застолля ў начны час. У 2017 годзе ў аддзел унутраных спраў Пастаўскага райвыканкама паступіла больш за 30 паведамленняў са скаргамі аб парушэнні грамадзянамі правіл карыстання жылымі памяшканнямі — шуме, гучнай музыцы, якія даносіліся з суседніх жылых памяшканняў у начны час. У бягучым годзе ўжо паступіла 12 такіх паведамленняў.

Нягледзячы на тое, што ацэнкі ўзроўню шуму, абумоўленага жыццядзейнасцю людзей у жылым памяшканні, заканадаўствам не прадугледжана, неабходна ведаць, што правілы пражывання людзей у шматкватэрных жылых дамах замацаваны ў Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь, Правілах карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў ад 21.05.2013 № 399, Палажэннем аб пераўладкаванні (перапланіроўцы), зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 16.05.2013 № 384 і інш.

З прыведзеных нарматыўна-прававых актаў вынікае, што грамадзяне абавязаны карыстацца тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі гучнагаворачымі прыладамі толькі пры ўмове памяншэння чутнасці да ступені, якая не парушае спакою іншых грамадзян у жылым доме. З 23 да 7 гадзін не павінны здзяйсняць дзеянняў, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку з дапамогай ігры на музычных інструментах, гучнай гаворкі і спеваў, прымянення піратэхнічных сродкаў, выканання бытавых (рамонтных) работ, правядзення ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкага закрыцця дзвярэй, утрымання хатніх жывёл і інш.). Забараняецца праводзіць будаўніча-рамонтныя работы, якія ствараюць шум і вібрацыю, у выхадныя і святочныя дні, а таксама пачынаць такія работы раней за 9 гадзін і заканчваць іх пазней за 19 гадзін у рабочыя дні.

Пратаколы за парушэнне правіл карыстання жылымі памяшканнямі маюць права складаць упаўнаважаныя на тое службовыя асобы выканаўчых органаў і ўстаноў дзяржаўнага санітарнага нагляду, а таксама арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і прадастаўляюць камунальныя паслугі, у адпаведнасці з пп. 2, 6, 12 ч.1 арт.3.30 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Так, калі ў дзённы час мірным шляхам не ўдалося вырашыць праблему шуму, які ствараецца суседзямі, вы маеце права звярнуцца ў арганізацыю, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) якая прадастаўляе камунальныя паслугі. У дадзеным выпадку пры пацвярджэнні факта парушэння ваш сусед будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, санкцыя якой прадугледжвае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь.

Аднак часцей за ўсё «шумнасць» суседзяў праяўляецца ў начны час, і застолле, якое зацягнулася, парушае спакой на працяглы перыяд часу, а жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне не працуе.

У дадзеным выпадку вы маеце права звярнуцца ў Пастаўскі РАУС па тэлефонах: 102 альбо 4-10-02, 510-29-45 (МТС). Супрацоўнікі праваахоўнага аддзела прымуць ад вас заяву, якая пасля праверкі на наяўнасць у дзеяннях шумнага суседа іншага супрацьпраўнага дзеяння будзе перададзена ў ЖЭУ.

Начальнік Пастаўскага РАУС
А.М. Гарус