З 24 па 31 ліпеня ДАІ актывізуе работу па папярэджанні ДТЗ з удзелам двухколавых транспартных сродкаў

У летні перыяд абвастраецца праблема траўматызму ўдзельнікаў дарожнага руху па віне вадзіцеляў двухколавых транспартных сродкаў, недастатковы ўзровень дысцыплінаванасці якіх нярэдка з'яўляецца спадарожным фактарам здзяйснення дарожна-транспартных здарэнняў.

Так, у маі-чэрвені 2018 года на тэрыторыі Віцебскай вобласці па віне вадзіцеляў матацыклаў здзейснена 8 ДТЗ, у якіх 3 чалавекі загінулі і 6 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Пяць ДТЗ здзейснена вадзіцелямі ў нецвярозым стане. Па віне веласіпедыстаў, у названы перыяд, здзейснена 6 ДТЗ, у якіх адзін чалавек загінуў і 5 атрымалі раненні.

Нагадваем: кіраваць матацыклам неабходна ў зашпіленым моташлеме, які павінен быць і на пасажыры. Для прыцягнення ўвагі іншых удзельнікаў дарожнага руху неабходна рухацца з пастаянна ўключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі. Абавязковая ўмова — своечасовая рэгістрацыя транспартнага сродку і праходжанне тэхагляду. Нельга перавышаць хуткасць, варта пазбягаць рызыкоўных манеўраў і выезду на паласу сустрэчнага руху. Менавіта ў такіх сітуацыях здараюцца самыя цяжкія па сваіх наступствах сутыкненні.

Штраф: за несвоечасовую рэгістрацыю або перарэгістрацыю транспартнага сродку - ад 1 да 3 базавых велічынь; кіраванне ТС асобай, якая не мае права кіравання - ад 5 да 20 базавых велічынь; за кіраванне транспартным сродкам з заведама схаваным, падробленым або іншым чынам змененым рэгістрацыйным знакам (часцяком такім чынам матацыклісты спрабуюць ашукаць супрацоўнікаў міліцыі і камеры фотафіксацыі) - ад 10 да 20 базавых велічынь.

Аляксандр Арэхаў,
начальнік АДАІ Пастаўскага РАУС