З 17 па 23 кастрычніка ДАІ абвясціла Тыдзень дзіцячай бяспекі
Прафілактычныя мерапрыемствы накіраваны на своечасовае папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.
Інспектары ДАІ нагадваюць пра няўхільнае выкананне правілаў дарожнага руху, пра пераход праезнай часткі дарогі толькі ў дазволеных месцах і толькі на дазваляльны сігнал святлафора, на абавязковае выкарыстанне ў цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў. Веласіпедыстам неабходна рухацца на веласіпедзе, абсталяваным згодна з правіламі дарожнага руху, а таксама толькі па тратуары або веладарожцы, пры іх наяўнасці.
Клопат пра дзяцей – наша агульная справа. Убачыўшы дзяцей, якія гуляюць на праезнай частцы дарогі або каля яе, не заставайцеся абыякавымі, зрабіце дзецям заўвагу, паспрабуйце прыняць меры, каб ізаляваць іх ад патоку транспарту. Асабліва важна быць уважлівымі пры перамяшчэнні на аўтамабілі па дваровых тэрыторыях, бо маленькія дзеці могуць выбегчы на праезную частку ў любы момант. Пры пад'ездзе да пешаходных пераходаў неабходна загадзя зніжаць хуткасць і заўсёды саступаць дарогу пешаходам.
Бацькі! На вуліцы будзьце асабліва асцярожныя з малымі-дашкольнікамі. Не пакідайце іх без нагляду. Памятайце, што нават адзін няправільны крок дзіцяці на праезнай частцы, дзе магчымы рух транспарту, можа прывесці да няшчасця. Кожны раз, калі Ваша дзіця выходзіць з дому, не палянуйцеся нагадаць яму няхітрыя правілы паводзін на вуліцы. Будзьце прыкладам для дзяцей у выкананні правілаў дарожнага руху!
Аляксандр Арэхаў, начальнік АДАІ АУС райвыканкама