З 16 па 26 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы
З 16 па 26 лютага Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць дадатковыя прафілактычныя мерапрыемствы, а таксама рэйды ў дачыненні да перавозчыкаў пасажыраў у рэгулярных і нерэгулярных зносінах мікрааўтобусамі.
Увага, у гэты перыяд супрацоўнікамі ДАІ штодзённа ў ходзе нагляду за дарожным рухам будзе ажыццёўлены дзейсны кантроль за выкананнем вадзіцелямі мікрааўтобусаў Правіл дарожнага руху, іншых актаў заканадаўства ў галіне дарожнага руху, у тым ліку ў выглядзе змешанага кантролю канкрэтных перавозак. Таксама да дадзеных мерапрыемстваў падключацца супрацоўнікі транспартнай інспекцыі.
– Асноўнымі парушэннямі сярод вадзіцеляў маршрутных транспартных сродкаў з'яўляюцца: перавозка пасажыраў звыш колькасці ўстаноўленых месцаў, высадка (пасадка) пасажыраў па-за абазначанымі прыпыначнымі пунктамі, перавышэнне ўстаноўленай хуткасці, невыкананне патрабаванняў дарожных знакаў і разметкі, невыкананне ўстаноўленага маршруту.
Маюць месца факты ДТЗ з удзелам маршрутных транспартных сродкаў, дзе траўмы атрымліваюць людзі. Днём 7 лютага 31-гадовы вадзіцель рэйсавага маршрутнага таксі «Быхаў-Магілёў» рухаўся па аўтадарозе М-4 «Мінск-Магілёў». Паблізу вёскі Васілеўшчына мужчына не ўлічыў неспрыяльныя ўмовы надвор'я, выбраўшы небяспечную хуткасць руху, з-за няўважлівасці страціў кантроль над кіраваннем і сутыкнуўся з металічнай раздзяляльнай агароджай. У выніку ДТЗ 8 чалавек атрымалі множныя траўмы рознай ступені цяжкасці.
Дваіх з пацярпелых прывезлі ў Барысаўскую ЦРБ.
Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель маршруткі падчас руху адцягваўся на мабільны тэлефон. Пасажыры рабілі яму заўвагі і нават заснялі гэта на камеру мабільнага тэлефона за некалькі секунд да аварыі.
31-гадовы мужчына раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці не менш за 10 разоў па лініі ДАІ, у тым ліку за парушэнні, звязаныя з перавозкай пасажыраў. А ў кастрычніку мінулага года, кіруючы маршруткай, быў вінаватым у ДТЗ.
Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе вадзіцелям няўхільна выконваць правілы дарожнага руху, выбіраць бяспечную хуткасць, ажыццяўляць пасадку ў маршрутны транспартны сродак і высадку з яго ў строга адведзеных месцах, на абазначаных прыпыначных пунктах. У сваю чаргу пасажырам ні ў якім разе не патрабаваць у вадзіцеля прыпынку маршрутнага транспартнага сродку ў неналежным месцы.