Рыбалка — выдатны від актыўнага адпачынку

Далёка не ўсе задумваюцца пра тое, што на рыбалцы чалавека з вудай падцікоўваюць рознага роду небяспекі. А між тым любы вадаём, нават даўно знаёмы, з'яўляецца месцам пэўнай рызыкі:

23 мая трагічны выпадак адбыўся на сажалцы ля вёскі Варанілавічы Пружанскага раёна. Падчас рыбалкі патануў 54-гадовы мужчына. Мужчына лавіў рыбу з берага. У вадзе рыбалоўны кручок зачапіўся за невядомы прадмет. Рыбак палез у ваду, каб адчапіць снасць, але не змог утрымацца, упаў і захлынуўся.

15 чэрвеняў Брэсце патануў 57-гадовы жыхар горада. Мужчына лавіў рыбу з сябрамі на беразе Вяслярнага канала. Падчас рыбалкі ў яго ў ваду ўпала вуда. Рыбак паплыў за ёй і стаў тануць. Таварышы кінуліся да яго на дапамогу, але выратаваць не паспелі.

19 чэрвеня рыбалка на рацэ Дняпро ў раёне вёскі Страдубка ледзь не каштавала жыцця 63-гадоваму мужчыну. Пенсіянер адправіўся на рыбалку на лодцы. У нейкі момант мужчына не ўтрымаўся, выпаў з лодкі і самастойна выбрацца з вады не змог. Дзякуючы выратавальнай камізэльцы ён на працягу паўгадзіны ўтрымліваўся на паверхні вады, трымаючыся рукамі за маламернае судна, а яркі колер выратавальнай камізэлькі прыцягнуў увагу чалавека, які праходзіў міма, і той неадкладна выклікаў ратавальнікаў.

Правілы бяспечнай рыбалкі:

- перад адыходам на рыбалку абавязкова паведаміце пра месца промыслу родным і блізкім, а таксама ўдакладніце час вяртання;

- не варта ўжываць алкаголь, ён запавольвае рэакцыю, расслабляе ўвагу, прытупляе пачуццё рэальнай небяспекі;

- вазьміце з сабой аптэчку, ліхтарык, карту мясцовасці, сродкі абвесткі пра сваё месцазнаходжанне;

- перад пачаткам рыбалкі неабходна агледзець месца лоўлі - на абрывістых і падмытых берагах рэк будзьце асабліва асцярожнымі;

- каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў лепш рыбачыць, не адыходзячы далёка ад берага;

- пры лоўлі з лодкі рыбакам не варта забываць пра наяўнасць на борце сродкаў выратавання і сігналізацыі.