Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Ночная набережная Храм Постав Набережная Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Храм Постав
Набережная
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
30 ноября 2022

У Паставах ушанавалі памяць пра яўрэяў, забітых фашыстамі 80 гадоў назад

21 лістапада 1942 года – сумная і трагічная дата ў гісторыі горада Паставы. У гэты дзень гітлераўцы знішчылі некалькі тысяч яўрэяў, якія знаходзіліся ў гета ў раёне сучасных вуліц Ленінскай і М. Горкага. Большасць расстралялі з аўтаматаў і кулямётаў паблізу загадзя падрыхтаваных магіл, а тых, хто адмовіўся выходзіць з дамоў, спалілі жывымі. 

Праз 80 гадоў, 22 лістапада 2022-га, гараджане ў чарговы раз успаміналі ахвяр тых жудасных падзей. Ля помніка, устаноўленага на месцы былога гета па вуліцы М. Горкага, прайшоў мітынг-рэквіем «Памяці расстралянага гета» з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, сілавых структур, школьнікаў. Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства быў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец, які адным з першых выступіў перад прысутнымі.

– Масавыя расстрэлы, спальванне мірных жыхароў, душагубкі, лагеры смерці, гета… Нельга пералічыць і зразумець таго, што ўчынялі нацысты на нашай шматпакутнай зямлі, –  гаварыў Ігар Уладзіміравіч. –  Гэта небывалая трагедыя ў нашай гісторыі, і яе вывучэнне працягваецца. У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны пракуроры ўстанаўліваюць усё новыя і новыя факты жудасных злачынстваў нацыстаў і іх пасобнікаў. І сёння, аддаючы даніну памяці загінулым яўрэям, мы павінны яшчэ раз асэнсаваць па­дзеі мінулага і яшчэ больш цаніць мір, у якім жывём.

Гэту думку ў сваім выступленні выказаў і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён таксама адзначыў:

– Сённяшняя сумная дата адгукаецца ў нашых сэрцах моцным болем. Цяжка ўявіць, што тут ва ўмовах антысанітарыі, недахопу ежы, лякарстваў, жорсткага холаду знаходзіліся некалькі тысяч чалавек. Яўрэйскіх жанчын і мужчын, пажылых людзей і дзяцей сагналі сюды ў лютым 1942 года з адной мэтай  –  знішчыць. На працягу 10 месяцаў нацысты тут адпрацоўвалі свае варварскія методыкі знішчэння яўрэйскага насельніцтва  –  таго, што пазней назавуць Халакостам. І сёння, калі міжнародная абстаноўка застаецца нестабільнай і напружанай, калі адкрыта гучаць галасы неанацыстаў і шавіністаў, вельмі важна памятаць урокі гісторыі і фарміраваць непрымірымыя адносіны грамадскасці да ідэй фашызму.

Наколькі гэтыя ідэі бесчалавечныя, пераконваешся, вывучаючы гісторыю пастаўскага гета. Тады, у лютым 1942-га, яўрэям далі ўсяго 6 гадзін, каб перасяліцца са свайго жылля ў дамы, пакінутыя беларусамі і мясцовымі татарамі. Усю тэрыторыю гета немцы абнеслі дашчатым плотам з калючым дротам уверсе. З яўрэяў бясконца здзекаваліся, прымушалі іх цяжка працаваць, амаль не даючы ежы і часу на адпачынак. 

Пра тое, што адбывалася ў гета ў ноч на 21 лістапада, можна прачытаць у кнізе «Ізгор», дзе запісаны сведчанні відавочцаў: «У 3 гадзіны ночы яўрэі пачулі галасы. Паліцаі загадалі тэрмінова пакінуць гета. Разбудзілі дзяцей. Усе вельмі спалохаліся, бо адразу зразумелі, што гэта азначае. Было загадана пастроіцца ў шэрагі па 4 чалавекі. Немцы загадалі ісці да чыгуначнага пераезда. Было зразумела, што вядуць забіваць». 

У акце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Паставах і Пастаўскім раёне, ад 3 мая 1945 года зафіксаваны і такія жахлівыя факты: «[У гета] шэф жандармерыі Шміт, камендант паліцыі Кезік і іншыя саўдзельнікі здзекаваліся са зняволеных, марылі іх голадам, мучылі і забівалі без усялякай прычыны. На вачах мужоў і бацькоў гвалтавалі маладых жанчын і дзяўчат і ў далейшым па-садысцку забівалі іх».

У дзень расстрэлу зняволеных прымушалі бегчы да ўжо выкапаных магіл. «У яўрэйкі Вайнер фашысцкія вылюдкі выхапілі з рук 5-месячнае дзіця і на яе вачах ра­зарвалі яго, а самой Вайнер адрэзалі грудзі, выламалі рукі, ногі і расстралялі», –  засведчана ў акце.

Былі і выпадкі выратавання з гета. Падпольшчыкам удалося даведацца пра планы немцаў па знішчэнні гета, і яны дапамаглі некаторым вязням збегчы ў казянскі лес да партызан. Некаторыя яўрэі засталіся ў жывых дзякуючы мясцоваму насельніцтву, якое хавала іх у сваіх дамах. 

На жаль, такіх выпадкаў было няшмат. І тое зверства, якое ўчынілі нацысты над яўрэямі, ніколі не павінна забыцца. Памочнікамі ў гэтым пытанні становяцца сучасныя тэхналогіі, пра што сведчыць рэспубліканскі праект «Захаваем гісторыю». У яго рамках падчас мітынгу-рэквіема была ўстаноўлена таблічка з QR-кодам, навёўшы на які мабільны тэлефон, можна даведацца інфармацыю пра гета. 

Устанавілі таблічку старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Рыгор Леснікаў і Ігар Украінец. Пасля заканчэння мерапрыемства пракурор Віцебскай вобласці адзначыў: «З красавіка мінулага года, калі была ўзбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, пракурорамі Віцебшчыны апытана больш за 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку відавочцаў падзей Вялікай Айчыннай. На аснове атрыманых даных устаноўлены 63 невядомыя раней пахаванні. На трох з іх праведзены пошукавыя работы. Астанкі загінулых знойдзены ва Ушацкім, Гарадоцкім, Бешанковіцкім раёнах. Вялікая работа вядзецца па стварэнні карты спаленых вёсак, многія з якіх раздзялілі сумны лёс Хатыні». 

У той дзень Ігар Украінец таксама прыняў удзел у рабоце каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачынствамі і карупцыяй у Пастаўскім раёне. Яна адбылася ў раённым выканаўчым камітэце з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і яго намесніка Станіслава Чымбурга, кіраўніцтва праваахоўных органаў, старшынь сельскіх Саветаў, прадстаўнікоў ЦРБ, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і іншых. На разгляд выносілася пытанне аб эфектыўнасці работы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» у частцы папярэ­джання рэцыдыўнай злачыннасці і злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Заслухана і абмеркавана інфармацыя намесніка пракурора Пастаўскага раёна Ігара Ластоўскага і начальніка Пастаўскага РАУС Дзмітрыя Куталёва. Па выніках нарады прынята рашэнне, якое разаслана ўсім зацікаўленым органам для абавязковага выканання.

Вынаска: 21 лістапада 1942 года былі знішчаны яўрэі не толькі пастаўскага, але і дунілавіцкага гета. Ахвярамі нацыстаў сталі 828 чалавек, 300 з якіх – дзеці.

Іна Сняжкова, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара

Интернет-ресурсы