Рэспубліканская прафілактычная акцыя ДАІ па кантролі за бяспечнай перавозкай дзяцей «Маленькі пасажыр – вялікая адказнасць!» праводзіцца ў краіне з 18 жніўня і працягнецца да 24 жніўня

Штогод у жніўні ўзрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх пасажыраў. Гэта абумоўлена масавай перавозкай дзяцей з месцаў адпачынку і аздараўлення. Невыкананне пры гэтым элементарных мер бяспекі (невыкарыстанне дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, рамянёў бяспекі, перавозка дзяцей да 12 гадоў на матацыклах і мапедах) прыводзіць да гібелі і траўміравання непаўналетніх.

Падчас акцыі інспектары нагадаюць дарослым аб правілах бяспечнай перавозкі дзяцей і адказнасці за іх парушэнні. Растлумачаць вадзіцелям правілы выкарыстання рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, раскажуць аб прычынах і наступствах траўматызму малалетніх пасажыраў.

Таксама ў гэты перыяд супрацоўнікі ДАІ пракантралююць выкананне вадзіцелямі правіл бяспечнай перавозкі дзяцей і хуткасных рэжымаў.

Праблема гібелі і траўматызму непаўналетніх у ДТЗ застаецца вельмі актуальнай. За 7 месяцаў бягучага года на дарогах краіны ў ДТЗ загінулі 9 і атрымалі траўмы 76 дзяцей-пасажыраў. Пры гэтым 40,0% непаўналетніх перавозіліся з парушэннем устаноўленых правіл.

Акрамя таго, перад пачаткам навучальнага года ДАІ праверыць стан школьных аўтобусаў і бяспеку іх маршрутаў, а таксама пракантралюе ліквідацыю выяўленых недахопаў у стане вулічна-дарожнай сеткі паблізу ўстаноў адукацыі.