Супрацоўнікі цэнтра прапаганды абласнога ўпраўлення правялі заняткі з пастаўскімі хлопцамі
У якой з дашкольных устаноў займаюцца самыя пісьменныя ў пытаннях бяспекі дзеці, высвятляла начальнік абласнога цэнтра прапаганды Наталля Туркова. Падчас заняткаў з малымі было відаць, як яны імкнуцца паказаць усе свае веды, праявіць спрыт і кемлівасць. Яшчэ б, кожнаму хацелася даказаць, што ў іх садку самыя выхаваныя і дасведчаныя дзеткі.
На працягу дня Наталля Васільеўна пабывала ў трох дашкольных установах горада. Выснова адна – малайцы і дзеці, якія добра валодаюць патрэбнымі ведамі, і выхавальнікі, якія змаглі ўкласці гэтыя веды ў дзіцячыя галовы. «Дзякуй работнікам МНС, якія дапамагаюць нам фарміраваць у дзяцей культуру бяспекі. У нашым раёне гэтая праца праводзіцца ў нашым дружным тандэме, яшчэ і бацькі прымаюць актыўны ўдзел», – падзялілася меркаваннем адна з загадчыц дзіцячых устаноў.
А вось са школьнікамі на тэму бяспекі пагутарыў старшы інспектар цэнтра прапаганды Сяргей Чэрвінскі. У ход пайшлі інтэлектуальныя гульні, рухомыя конкурсы і галаваломкі. А ўстаноўка мабільнага дадатку МНС «Дапамога побач» ператварылася ў цэлы чэмпіянат. Цяпер практычна ў кожнага першага школьніка ў Паставах у гаджэце з'явілася шпаргалка па бяспецы. На першы погляд забаўляльнае і вясёлае мерапрыемства дапамагло дзецям асвяжыць свае веды і набыць новыя.