Прафілактычныя мерапрыемствы «Бяспечныя канікулы» правядзе Дзяржаўтаінспекцыя з 26 снежня па 12 студзеня на тэрыторыі Віцебскай вобласці.
У гэтыя дні супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правядуць інфармацыйна-растлумачальную работу ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ў працоўных калектывах і арганізацыях па прафілактыцы правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. Вадзіцеляў заклікаюць выкарыстоўваць пасіўныя сродкі бяспекі (аўтакрэслы, бустэры, спецыяльныя падушкі) падчас перавозкі малалетніх пасажыраў да месцаў адпачынку, дзіцячых забаў на асабістым транспарце, забяспечваць бяспеку дзяцей у аўтобусах у складзе арганізаваных груп.
У зімовы перыяд рэзка ўзрастае верагоднасць дарожна-транспартных здарэнняў. Узімку дзень карацейшы, цямнее рана, таму ў прыцемках і цемры трэба быць асабліва ўважлівымі. Пераходзіць дарогу толькі па падземных, надземных або рэгуляваных пераходах, а ў іх адсутнасць — на добра праглядаемым участку, пераканаўшыся, што няма аўтатранспарту, які набліжаецца. У цёмны час сутак неабходна абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.