Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Навіны раёна
Малы і Карлсан, а таксама іншыя героі гэтай казкі пакарылі сваім артыстызмам пастаўскіх гледачоў
31.12.2020

Малы і Карлсан, а таксама іншыя героі гэтай казкі пакарылі сваім артыстызмам пастаўскіх гледачоў

Сцэнар казкі падрыхтавалі работнікі раённага Дома культуры. Для выканання роляў запрасілі таленавітых самадзейных артыстаў, якія не першы год выступаюць на сцэне. Майстар Камайскага лясніцтва Адзіл Валіеў бліскуча выканаў ролю галоўнага героя - разумнага, прыгожага, у меру ўкормленага і ў поўным росквіце гадоў Карлсана. Гэты абаяльны гарэза развёў прыгодамі шэрыя будні Малога - даволі распешчанага дзіцяці, каханага бацькамі, аднак самотнага хлопчыка, ролю якога выканаў вучань СШ №4 Цімур Сіланаў. Харызматычная і таленавітая Алена Следзеўская стварыла яркі вобраз непаўторнай, чароўнай і абаяльнай аканомкi Фрэкен Бок, паказаўшы сваю гераіню не сварлівай цёткай, а мілай і трохі наіўнай дзівачкай, якая часам таксама не супраць пагарэзіць. Як сапраўдныя жулікі, паводзілі сябе на сцэне выкладчыкі фізічнай культуры СШ №1 Аляксандр Бандарэнка і Павел Міхалевіч. А пазней Павел Францавіч выйшаў да гледачоў яшчэ і ў ролі Дзеда Мароза. Яго унучкай Снягуркай была навучэнка 11 класа СШ №1 Паліна Кухальская. Сціплыя ролі мамы і таты Малога выканалі Таццяна Кухальская і кіроўца Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ПУ «Глубокаегаз» Алег Смірноў.

Асобна варта сказаць пра музычнае суправаджэнне казкі. У гэтым годзе ў ім была задзейнічана мінімальная колькасць удзельнікаў - самыя таленавітыя дзеці з узорнай цыркавой студыі «Каскад» і вакальнай студыі «Юніты», танцавальнага калектыву «Мара» і тэатра рук «Экспромт», а таксама навучэнка Навасёлкаўскай СШ Злата Ярашэвіч і выхаванка дзіцячага сада №1 Арына Дубоўская.

Выдатнаму мультфільму «Малы і Карлсан» больш за 50 гадоў. Галоўнага героя па-ранейшаму любяць некалькі пакаленняў гледачоў, таму што ён жыццярадасны і няўрымслівы свавольнік, здольны ўміг развеяць дрэнны настрой.

Ганна Анышкевіч, газета «Пастаўскі край». Фота аўтара

© ПАСТАЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.