Прынцып аднаго акна

Заяўны прынцып аднаго акна – зварот зацікаўленай асобы з заявай у адзін упаўнаважаны орган з дадаткам дакументаў і (або) звестак, неабходных для ажыццяўлення працэдуры, якія могуць быць прадстаўлены грамадзянінам самастойна.
Асноўнымі прынцыпамі ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур з'яўляюцца: законнасць, роўнасць зацікаўленых асоб перад законам, прыярытэт інтарэсаў зацікаўленых асоб, адкрытасць адміністрацыйнай працэдуры, аператыўнасць і даступнасць адміністрацыйнай працэдуры, заяўны прынцып аднаго акна, супрацоўніцтва пры ажыццяўленні працэдур.

Праца ўсіх дзяржаўных органаў накіравана, перш за ўсё, на максімальнае задавальненне патрэб розных груп насельніцтва, канкрэтнага грамадзяніна.

Таму ў працэсе дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату асаблівая ўвага надаецца пытанням удасканалення беларускага заканадаўства, якое спрыяе не толькі ўстанаўленню справядлівага балансу паміж публічнымі і прыватнымі інтарэсамі, але і больш эфектыўнай рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў і законных інтарэсаў. У першую чаргу, гэта тычыцца ўдасканалення прававой асновы рэалізацыі прынцыпу «аднаго акна».

У Пастаўскім раённым выканаўчым камітэце арганізавана праца па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур на аснове заяўнога прынцыпу «адно акно» і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з наступнымі нарматыўнымі прававымі актамі:

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. №200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян»
Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2006 г. №433-З «Аб асновах адміністрацыйных працэдур»
Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2009 г. №39 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку вядзення справаводства па адміністрацыйных працэдурах у дзяржаўных органах, іншых арганізацыях»

Пры звароце грамадзяніну неабходна прадставіць толькі мінімальны пакет дакументаў для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры. Астатнія дакументы, неабходныя для ажыццяўлення адпаведнай адміністрацыйнай працэдуры, запытваюцца спецыялістам, альбо пры жаданні могуць быць прадстаўлены грамадзянінам самастойна.

Прыярытэтным напрамкам узаемадзеяння пры рэалізацыі прынцыпу «аднаго акна» з'яўляецца арганізацыя электроннага абмену дакументамі і звесткамі, якія тычацца заяўнікаў, што дазваляе скараціць тэрмін выканання адміністрацыйнай працэдуры. Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры не можа перавышаць пятнаццаці дзён, а ў выпадку накіравання ўпаўнаважаным органам запыту ў іншыя дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі – аднаго месяца, калі іншы тэрмін не прадугледжаны заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.