Правілы бяспечных паводзін на вадаёмах і паблізу іх
Сярод асноўных прычын няшчасных выпадкаў на вадзе – грубае парушэнне правіл бяспекі. Даволі часта купанне на непрыстасаваных і неабсталяваных для гэтых мэт вадаёмах заканчваецца трагічна. Нямала выпадкаў, калі некаторыя людзі, бравіруючы сваім майстэрствам, адплываюць далёка ад берага, ныраюць і скачуць у ваду ў незнаёмых месцах. У выніку такіх дзеянняў можна не толькі загінуць, але і апынуцца на ўсё жыццё прыкаваным да інваліднага крэсла праз атрыманыя траўмы пры ўдарах.
Гэта значыць, мы бачым, што вада сапраўды з'яўляецца небяспечнай стыхіяй, якая не даруе памылак нікому. І пры невыкананні правіл бяспекі можа патануць і той, хто не ўмее плаваць, і той, хто, наадварот, добра плавае. Няшчасныя выпадкі могуць адбыцца і на вялікіх, і на малых вадаёмах, а галоўнай прычынай іх узнікнення з'яўляецца чалавечая бестурботнасць.
18 мая, днём паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Замасточча Докшыцкага раёна патанула дзіця. Паводле папярэдніх звестак, дзяўчынка знаходзілася ў двары дома са сваімі сваякамі. Праз некаторы час яна знікла з вачэй. Бацькі кінуліся на яе пошукі і знайшлі ў вадаёме, размешчаным за домам. Рэанімацыйныя мерапрыемствы не далі выніку. Выратаваць дзяўчынку, якой у чэрвені павінна было споўніцца два гады, не ўдалося.
25 красавіка ў 19-47 у службу выратавання па тэлефоне "101" паступіла паведамленне аб падлетку, які тоне, на вуліцы Ульянава ў Чачэрску. Па прыбыцці да месца выкліку было ўстаноўлена, што за 10 метраў ад берага на паверхні вады знаходзіцца чалавек. Рукамі ён трымаўся за куст. У ходзе разбору ўстаноўлена, што падлетак нырнуў з моста і не змог даплысці да берага. Пасля вымання з вады ратавальнікі перадалі падлетка работнікам хуткай медыцынскай дапамогі, якія пасля агляду шпіталізавалі яго ў раённую ўстанову аховы здароўя.
На жаль, даволі часта ў перыяд працяглых школьных канікул дзеці бываюць пакінуты самі сабе і пры надыходзе цёплых дзён імкнуцца да вады. У гэты час дарослым трэба быць асабліва ўважлівымі, бо на бяду шмат часу не трэба, і не важна, якога ўзросту дзіця – дашкольнік ці падлетак, купацца і гуляць каля вадаёмаў яны павінны толькі пад кантролем дарослых. На жаль, пасля таго, як адбылася трагедыя, ужо ні выправіць, ні вярнуць нічога нельга, таму лепш своечасова прыняць усе меры бяспекі, арганізаваць разумны вольны час сваіх дзяцей і самае галоўнае – ні ў якім разе не пакідаць іх без нагляду нават на хвіліну.
Меры бяспекі пры купанні
- устрымайцеся ад купання ў невядомых і не прызначаных для гэтай мэты вадаёмах, калі няма паблізу абсталяванага пляжу, трэба выбраць бяспечнае месца для купання з цвёрдым пясчаным, не засмечаным дном, паступовым ухілам.
- пазбягайце купання ў адзіночку;
- нельга ўваходзіць у ваду ў стане алкагольнага ап'янення, бо спіртное блакуе судзіназвужальны і судзінапашыральны цэнтр галаўнога мозгу.
- ніколі не скачыце ў ваду ў месцах, не абсталяваных спецыяльна: можна стукнуцца галавой аб дно, камень або іншы прадмет, лёгка страціць прытомнасць, нанесці сабе траўму і загінуць.
- не дазваляецца ныраць з мастоў, прычалаў, прыстаняў, падплываць да лодак, катэраў і суднаў, якія блізка праходзяць.
- забараняецца плаваць на надзіманых матрацах, аўтамабільных камерах (асабліва, калі не ўмееце плаваць). Ветрам або цячэннем іх можа аднесці вельмі далёка ад берага, а хваляй – захлынуць, з іх можа выйсці паветра, і яны страцяць плавучасць;
- не дапускайце грубых свавольстваў у вадзе: паднырваць пад тых, хто купаецца, хапаць іх за ногі, «тапіць», падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе і да т.п.;
- не заплывайце за абмежавальныя знакі, бо яны абмяжоўваюць акваторыю з правераным дном, пэўнай глыбінёй, там гарантавана адсутнасць віроў і да т.п. Не трэба адплываць далёка ад берага або пераплываць вадаём на спрэчку.
- не пакідайце дзяцей ля вады без нагляду.