Першы ў пекла!
Няўрымслівая і непрадказальная стыхія агню ў асобе пажару была, ёсць і будзе шчыльна існаваць у нашым жыцці, хоць іх колькасць такіх здарэнняў імкліва скарачаецца, дзякуючы новым метадам і падыходам іх прафілактыкі, аднак, яшчэ далёкі той ідэал лічбы «0» у зводках МНС. Сёння мы пагаворым пра чалавека, чый жыццёвы прынцып на на працягу 22 гадоў грунтаваўся на жыцці для іншых, а прафесія выратавальнік была сапраўднай хваробай – Латыш Пётр Пятровіч.
Свой шлях выратавальніка пачаў у далёкім 1994 годзе начальнікам каравула ваенізаванай пажарнай часткі г. Паставы ўпраўлення ваенізаванай пажарнай службы УУС Віцебскага аблвыканкама. Прабыў на гэтай пасадзе аж да 2015 года і выхаваў не адно пакаленне выратавальнікаў, якія ў далейшым праявяць сябе выключна са станоўчага боку і гэтак жа як настаўнік працягнуць служыць Радзіме ў родным падраздзяленні. Як падзяліўся сам герой гісторыі: «Будучы начальнікам змены, трэба было быць не толькі мужным выратавальнікам, але і чулым чалавекам, што толькі па адным поглядзе ў твары таварыша мог вызначыць яго душэўны стан, і падбадзёрыць добрым словам, і дапамагчы пры неабходнасці справай. Часта тэрміна «працоўны калектыў» можна было і не пачуць у сценах нашага падраздзялення, бо ўсе былі не калегамі, а хутчэй сябрамі, што гатовыя прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну. Так жа ў галаве заўсёды круцілася думка – «Быць першым! І не рызыкаваць прыяцелямі!», ад таго часцяком і кідаўся першым у пекла. Было страшна, не ўтаю, аднак усведамленне таго, што на тым канцы пакоя магло абарвацца чыёсьці жыццё не давала і кроку ступіць назад, у дадатак да ўсяго, заўсёды было моцнае плячо таварыша.»
Прафесія выратавальнік складаная і адказная, але ад таго не менш захапляльная. Яна разам з крывёю цякла па ўсім арганізме і зыходзіла шчыра з сэрца. «Я літаральна захварэў гэтым, быў выратавальнікам да кончыкаў пальцаў… – адказвае Пётр Пятровіч. – Як бы цяжка ні было, я ні разу не думаў сысці з МНС.» Так у 2015 годзе Латыш у званні капітана ўнутранай службы становіцца намеснікам начальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 1 Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях установы «Віцебскае абласное ўпраўленне МНС».
У памяці захавалася жудасная гісторыя з аднаго дзяжурства: «У канцы 90-х быў буйны пажар. Прыбылі ў вёску Соўкі Пастаўскага раёна. Агнём быў ахоплены хлеў, які цалкам запоўнены сенам. Па словах суседзяў у хляве знаходзіліся хлопец і дзяўчына. Пасля тушэння выявілі цела дзяўчыны. І вось прыглушыўшы рухавікі машын, я пачуў ледзь улоўны крык. Як пазней аказалася, гэта быў той самы хлопец. З таварышамі кінуўся ў бок крыніцы, і, прабегшы метраў 500, убачылі абгарэлага хлопца, якога адразу перадалі брыгадзе хуткай дапамогі. Хлопец у далейшым не выжыў.»
У 2016 годзе годна выйшаў на заслужаны адпачынак у званні маёра ўнутранай службы. Атрымаў медаль за бездакорную службу трэцяй ступені. Хацеў было падаўжацца, але адгаварыла сям'я, якая разумела імпэт, але хацела бачыць кіраўніка дома часцей, чым раней, ды і ўзрост ужо станавіўся не для перагрузак. Першыя тыдні пасля сыходу на пенсію па звычцы герой гісторыі прачынаўся рана і машынальна збіраўся на працу. Але з часам гэта прайшло. Цяпер у яго жыцці пануе спакой і гармонія.
Як сказаў Пётр: «Нават будучы на пенсіі, я ўсё роўна ў страі. Часцяком наведваю сцены роднага аддзела, сустракаю тых, з кім нядаўна ішоў плячом да пляча ў агонь і ад гэтага ўсяго застаецца адчуванне, што як быццам і не сыходзіў на заслужаны адпачынак. І нават калі б павярнуць час назад і застацца з поўным усведамленнем усіх цяжкасцяў службы, я б з гонарам прайшоў гэты шлях зноў!»