Адказнасць за незаконныя дзеянні ў дачыненні да беспілотных лятальных апаратаў

20 кастрычніка 2025 года падпісаны Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці».

Гэты заканадаўчы акт накіраваны на ўзмацненне аховы паветранай прасторы Беларусі.

Устанаўліваецца адміністрацыйная адказнасць за незаконныя ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыю або выраб грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў.

У прыватнасці, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўнены артыкулам 18.38 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў». Ён устанаўлівае адказнасць за ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыю або выраб грамадзянскіх БПЛА альбо авіямадэляў у выглядзе штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння». Тое ж самае дзеянне, здзейсненае юрыдычнымі асобамі і ІП, цягне накладанне штрафу: на ІП – ад 30 да 100 базавых з канфіскацыяй або без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу – ад 50 да 200 базавых з канфіскацыяй або без канфіскацыі.

За парушэнне патрабаванняў па пастаноўцы на ўлік або зняцці з уліку дронаў прадугледжаны штраф да 40 базавых, на ІП – ад 20 да 70 базавых, а на юрыдычную асобу – ад 40 да 100 базавых.

За палёт беспілотніка без нанясення на яго ўліковага нумара або ідэнтыфікацыйнай меткі, а таксама за кіраванне дронам асобай, якая не прайшла падрыхтоўку аператара грамадзянскіх БПЛА, роўна як і за перадачу кіравання такой асобе, устаноўлены штраф у памеры да 30 базавых, на ІП – ад 10 да 50 базавых, а на юрыдычную асобу – ад 30 да 100 базавых.

Крымінальны кодэкс дапоўнены артыкулам 3001 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў». Ён устанаўлівае адказнасць за ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю або выраб грамадзянскіх БПЛА альбо авіямадэляў у парушэнне патрабаванняў заканадаўства, здзейсненыя на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні. Злачынства караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў са штрафам або без штрафу, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам або без штрафу.

 

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі

АУС Пастаўскага райвыканкама