«Адкрый сезон без парушэнняў!» – прафілактычная акцыя, якую па ўсёй рэспубліцы правядзе Дзяржаўтаінспекцыя з 24 красавіка па 4 мая

З пачаткам цёплага сезона абвастраецца праблема траўматызму вадзіцеляў і пасажыраў двухколавага транспарту. Сёлета ў сувязі з анамальна цёплай зімой матацыклісты выехалі на дарогі яшчэ ў лютым. За 3 месяцы па віне вадзіцеляў мотатранспарту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбылося 12 аварый, у якіх 2 чалавекі загінулі і 11 траўміраваны.

Падчас акцыі пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на растлумачэнне правіл бяспечнай язды на матацыклах і мапедах. Ва ўзаемадзеянні з кіраўнікамі мотаклубаў будзе арганізавана прафілактычная работа па павышэнні дысцыплінаванасці, фарміраванні ўзаемаветлівых адносін на дарогах і культуры ваджэння ўладальнікаў мотатранспарту.

Запланаваны рэйдавыя мерапрыемствы з выкарыстаннем галоснага, негалоснага і змешанага кантролю за дарожным рухам, у тым ліку з прыцягненнем мотапатрулёў. Паўсюдна супрацоўнікі ДАІ адпрацуюць аўтадарогі і населеныя пункты, каб папярэдзіць парушэнні з боку вадзіцеляў мотатранспарту. Рэйдавыя групы будуць выяўляць беспраўнікаў, выключаць з удзелу ў дарожным руху незарэгістраваны мотатранспарт і той, што мае канструктыўныя змены.

Паважаныя вадзіцелі! Не забывайцеся пра культуру на дарогах і беражыце сябе. Жадаем усім безаварыйнага адкрыцця сезона!