Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным!
Са з'яўленнем цёплага надвор'я жыхары і госці нашага горада і раёна цягнуцца да прыроды і ў першую чаргу да рэк і азёр, для таго каб адпачыць, асвяжыцца і аднавіць сілы пасля працоўных будняў. Часта, знаходзячыся на адпачынку, яны забываюць пра меры асабістай маёмаснай бяспекі, правілы паводзін на вадзе, захаванне правіл пажарнай бяспекі, што часам прыводзіць да трагічных наступстваў. Некаторыя распіваюць спіртное, разводзяць вогнішчы ў пажаранебяспечных месцах, забруджваюць навакольнае асяроддзе бытавымі адходамі, займаюцца незаконнай высечкай лесу і лоўляй рыбы браканьерскімі спосабамі, што ператварае іх у правапарушальнікаў.
На тэрыторыі горада Паставы і Пастаўскага раёна рашэннямі райвыканкама вызначаны месцы, дазволеныя для купання, месцы, дзе купанне забаронена, а таксама месцы масавага адпачынку грамадзян, гэта значыць тыя, дзе пры пэўных абставінах збіраецца значная колькасць грамадзян.
Да месцаў, забароненых для купання, адносяцца тыя месцы, дзе гэта рабіць небяспечна з-за рэльефу дна, цячэння, блізкасці якіх-небудзь тэхнічных збудаванняў і іншых меркаванняў бяспекі людзей. Так, рашэннем Пастаўскага райвыканкама вызначана, што купанне забаронена ў меліярацыйных і тэхнічных каналах, сажалках, сажалках-капанях, абводненых кар'ерах, штучных пажарных вадаёмах, ачышчальных збудаваннях, затоках, месцах размяшчэння плацін, шлюзаў, мастоў, дамбаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў. Купанне ў дадзеных месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.24.42 кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей КаАП). За такое парушэнне можа быць накладзены штраф ад адной да трох базавых велічынь.
Месцамі, дазволенымі для купання, з'яўляюцца пляжы і прыбярэжныя тэрыторыі азёр і рэк. Для забеспячэння нармальнага адпачынку, бяспекі людзей, яны добраўпарадкоўваюцца, гэта значыць абсталёўваюцца ценявымі навесамі, раздзявалкамі, смеццевымі кантэйнерамі, туалетамі. Пры гэтым перад адкрыццём купальнага сезона ў абавязковым парадку з дапамогай вадалазаў АСВОД дно акваторыі пляжу ачышчаецца ад бытавога смецця і іншых прадметаў, якія могуць пацягнуць траўміраванне грамадзян. Такім чынам, купанне і адпачынак у такіх месцах больш бяспечныя.
Месцы масавага адпачынку грамадзян – гэта месцы з найбольшай наведвальнасцю людзей, у тым ліку і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. У нашым горадзе і раёне гэта, пляж ракі Мядзелка (гарадскі парк), пляж возера Задзеўскае з боку вул.Зялёнай г.Паставы, пляж возера Дубок і пляж возера Белае (найбольш вядомыя нашым жыхарам, як «Азёркі»).
Аднак не варта забываць пра тое, што ўсе месцы адпачынку з'яўляюцца грамадскімі месцамі, у сувязі з чым, распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, роўна як з'яўленне ў стане ап'янення, у дадзеных месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.19.3 КаАП. У летні перыяд, органамі ўнутраных спраў будзе надавацца асаблівая ўвага забеспячэнню грамадскай бяспекі і ахове грамадскага парадку ў дадзеных месцах, так як парушэнне элементарных правіл паводзін, альбо купанне ў стане алкагольнага ап'янення, часта з'яўляюцца прычынамі няшчасных выпадкаў і гібелі людзей.
Таксама даволі часта адбываецца так, што захапіўшыся адпачынкам і купаннем у прахалоднай вадзе ў спякотны дзень, людзі пакідаюць без нагляду сваю маёмасць, у тым ліку і дарагія тэлефоны, фотаапараты і іншыя каштоўнасці. Гэтым могуць скарыстацца «нячыстыя на руку» людзі і выкрасці іх. Таму, не пакідайце сваю маёмасць без нагляду, выконвайце заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правілы паводзін на водах і Ваш адпачынак будзе прыемным і бяспечным.
Андрэй Сенін
намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі
міліцыі грамадскай бяспекі АУС Пастаўскага райвыканкама