Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным

З усталяваннем цёплага надвор'я жыхары і госці нашага горада і раёна цягнуцца да прыроды і ў першую чаргу да рэк і азёр, для таго каб адпачыць, асвяжыцца і аднавіць сілы пасля працоўных будняў. Часта, знаходзячыся на адпачынку, яны забываюць пра меры асабістай маёмаснай бяспекі, правілы паводзін на вадзе, захаванне правілаў пажарнай бяспекі, што часам прыводзіць да трагічных наступстваў. Некаторыя распіваюць спіртное, разводзяць вогнішчы ў пажаранебяспечных месцах, забруджваюць навакольнае асяроддзе бытавымі адходамі, займаюцца незаконнай высечкай лесу і лоўляй рыбы браканьерскімі спосабамі, што ператварае іх у правапарушальнікаў.

На тэрыторыі горада Паставы і Пастаўскага раёна рашэннямі райвыканкама вызначаны месцы, дазволеныя для купання, месцы, дзе купанне забаронена, а таксама месцы масавага адпачынку грамадзян, гэта значыць тыя, дзе пры пэўных абставінах збіраецца значная колькасць грамадзян.

Да месцаў, забароненых для купання, адносяцца тыя месцы, дзе гэта рабіць небяспечна з-за рэльефу дна, цячэння, блізкасці якіх-небудзь тэхнічных збудаванняў і іншых меркаванняў бяспекі людзей. Так, рашэннем Пастаўскага райвыканкама вызначана, што купанне забаронена ў меліярацыйных і тэхнічных каналах, сажалках, сажалках-капанях, абводненых кар'ерах, штучных пажарных вадаёмах, ачышчальных збудаваннях, затоках, месцах размяшчэння плацін, шлюзаў, мастоў, дамбаў і іншых гідратэхнічных збудаванняў. Купанне ў гэтых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.23.63 кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей КаАП). За такое парушэнне можа быць накладзены штраф да трох базавых велічынь.
Месцамі, дазволенымі для купання, з'яўляюцца пляжы і прыбярэжныя тэрыторыі азёр і рэк. Для забеспячэння нармальнага адпачынку, бяспекі людзей, яны добраўпарадкоўваюцца, гэта значыць абсталёўваюцца ценявымі навесамі, распранальнямі, смеццевымі кантэйнерамі, прыбіральнямі. Пры гэтым перад адкрыццём купальнага сезона ў абавязковым парадку з дапамогай вадалазаў АСВОД дно акваторыі пляжу ачышчаецца ад бытавога смецця і іншых прадметаў, якія могуць пацягнуць траўміраванне людзей. Такім чынам, купанне і адпачынак у такіх месцах больш бяспечныя.

Месцы масавага адпачынку грамадзян – гэта месцы з найбольшай наведвальнасцю людзей, у тым ліку і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. У нашым горадзе і раёне гэта, гарадскі парк, пляж возера Задзеўскае з боку вул.Зялёнай г.Паставы, пляж возера Дубок і пляж возера Белае (найбольш вядомыя нашым жыхарам як «Азёркі») пляж возера Чорнае, возера Баравое Дунілавіцкага сельскага савета.

Аднак не варта забываць пра тое, што ўсе месцы адпачынку з'яўляюцца грамадскімі месцамі ў сувязі з чым распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, роўна як з'яўленне ў стане ап'янення, у гэтых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.17.3 КаАП. У выпадку, калі чалавек прыцягваецца да адказнасці ўпершыню, на яго можа быць накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь. Калі гэтыя дзеянні здзейснены паўторна, то спагнанне можа ўзрасці да 15 базавых велічынь, а таксама да правапарушальніка можа быць прыменены адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак.

У летні перыяд, органамі ўнутраных спраў будзе надавацца асаблівая ўвага забеспячэнню грамадскай бяспекі і ахове грамадскага парадку ў гэтых месцах, бо парушэнне элементарных правілаў паводзін, альбо купанне ў стане алкагольнага ап'янення часта з'яўляюцца прычынамі няшчасных выпадкаў і гібелі людзей.

Таксама даволі часта адбываецца так, што захапіўшыся адпачынкам і купаннем у прахалоднай вадзе ў спякотны дзень, людзі пакідаюць без нагляду сваю маёмасць, у тым ліку і дарагія тэлефоны, фотаапараты і іншыя каштоўнасці. Гэтым могуць скарыстацца нячыстыя на руку людзі і выкрасці іх. Таму, не пакідайце сваю маёмасць без нагляду, выконвайце заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правілы паводзін на вадзе і Ваш адпачынак будзе прыемным і бяспечным.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Пастаўскага райвыканкама