Адно акно

Алгарытм рэгістрацыі ката ці сабакі

У нашы дні ўладальнікі катоў і сабак павінны не толькі мець дакументы на сваіх гадаванцаў, але і рэгістраваць іх па месцы пражывання.

Раней абавязкі па рэгістрацыі хатніх жывёл былі ўскладзены на жыллёва-камунальную службу ў горадзе, а ў сельскай мясцовасці – на сельвыканкамы. Але ўказам Прэзідэнта ад 6 верасня 2022 г. № 311 былі ўнесены папраўкі ў пералік адміністрацыйных працэдур. Цяпер уладальніку разам з пашпартам ці іншым дакументам, які сведчыць асобу, неабходна звярнуцца з заявай у службу «Адно акно» Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта ці сельскі выканаўчы камітэт. Дадзеная адміністрацыйная працэдура ажыццяўляецца бясплатна.

Гадаванца прыводзіць на рэгістрацыю не трэба. Гаспадары асабліва небяспечных парод павінны мець пры сабе даведку аб заканчэнні навучальных курсаў у кіналагічных клубах.

Да кіналагічных клубаў, у прыватнасці, адносяцца:

  • Кіналагічная служба Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь (https://rosn.mchs.gov.by/podrazdeleniya-rosn/ks/);
  • Кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл (http://www.mil.by/ru/forces/kc).

У дзень падачы заявы ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта (кабінет 52) альбо сельскім выканаўчым камітэце ўладальніку выдадуць спецыяльнае пасведчанне і жэтон, які мацуецца да ашыйніка гадаванца. Тэрмін іх дзеяння не абмежаваны. Таксама гаспадара азнаёмяць з правіламі ўтрымання хатніх жывёл. У прыватнасці, дазваляецца ўтрымліваць сабак, катоў у займаемай адной сям'ёй асобнай кватэры, але не больш за дзве жывёлы ў асобнай кватэры шматкватэрнага жылога дома. У кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў (уласнікаў), не больш за адну жывёлу на сям'ю пры згодзе ўсіх паўналетніх грамадзян, якія пражываюць у кватэры. Для прыватных дамоў абмежаванняў няма.

Забаронена прыводзіць гадаванцаў у магазіны, школы, дзіцячыя сады і іншыя ўстановы, выгульваць сабак на прыдамавой тэрыторыі. У грамадскіх месцах трымаць гадаванца трэба толькі на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанюкоў ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 см у карку, якіх можна выводзіць на павадку без намордніка.

Непаўналетнім забараняецца выгульваць сабак патэнцыйна небяспечных парод.

Каб зняць хатнюю жывёлу з уліку ў выпадку яе смерці, згубы або дарэння, неабходна звярнуцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта (кабінет 52) асабіста або па тэлефоне 3 15 32, альбо сельскі выканаўчы камітэт. Аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта альбо сельскі выканаўчы камітэт праінфармуе арганізацыю, якая ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем. Уладальніку перастануць налічваць падатак за валоданне сабакам.

Парушэнне правіл утрымання хатніх жывёл з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, адказнасць за якое прадугледжана артыкулам 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Санкцыяй гэтага артыкула прадугледжана накладанне штрафу ад адной да пятнаццаці базавых велічынь.