Агонь бязлітасны. Беражыце дзяцей!
Бяспека дзяцей – не проста жаданне, а абавязак нас, дарослых. Выхоўваючы ў дзецях найлепшыя чалавечыя якасці, прывіваючы ім карысныя веды і навыкі, трэба памятаць, што прывіццё навыкаў бяспекі жыццядзейнасці таксама абавязкова, як, напрыклад, навучыць дзіця трымаць лыжку ці чытаць. Навучанае дзіця ў далейшым будзе само пазбягаць надзвычайных сітуацый, а таксама зможа аказаць дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду.
Прыкладам для сваіх аднагодкаў і гонарам для бацькоў можа быць падлетак 2009 года нараджэння ў Мядзельскім раёне. 28 красавіка 2021 года ў вёсцы Сідаравічы загарэўся жылы аднапавярховы дом. Хлопец змог выратаваць свайго малодшага брата 2019 года нараджэння з агню, прычым сам атрымаў апёкі рознай ступені цяжкасці, а таксама парэзы рук і твару. Падлетак знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане ў бальніцы.
Не ўсе гісторыі, на жаль, завяршаюцца добра. На пажарах краіны ў бягучым годзе загінула 4 дзіцяці, тады як у мінулым годзе на гэты ж перыяд дзіцячай гібелі зафіксавана не было.
17 студзеня ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці на пажары загінуў 7-гадовы хлопчык. Узгаранне адбылося ўначы ў жылым доме Старых Дарог. Яго маці пазней была дастаўлена ў рэанімацыю, а старэйшая сястра – 12-гадовая дзяўчынка – шчасна выратавалася.
3 красавіка каля 6 гадзін раніцы загарэўся прыватны жылы дом у вёсцы Зазерка Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Сусед, выявіўшы пажар, разбіў акно і змог выратаваць 4-гадовую ўнучку гаспадыні. На жаль, саму бабулю 58-і гадоў і яе паўтарагадовую ўнучку выратаваць не атрымалася.
Жыццё дваіх братоў, адзін з якіх 2000 года нараджэння, другі 2011 года нараджэння, агонь забраў у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Трагедыя адбылася ў ноч на 5 сакавіка. 15-гадовы сын гаспадыні прачнуўся ад паху дыму і разбудзіў спячых бацькоў. Бацька спрабаваў забегчы ў дом і выратаваць сыноў, але з-за моцнага задымлення ўвайсці ўнутр дома не змог. Целы хлопчыкаў знайшлі ратавальнікі пад абломкамі канструкцый, якія абрынуліся.
23 красавіка ратавальнікі Лунінецкага райаддзела па НС Брэсцкай вобласці атрымалі паведамленне аб шпіталізацыі маладога чалавека 2003 года нараджэння з тэрмічнымі апёкамі рознай ступені цяжкасці (90% цела). 27 красавіка ад атрыманых траўм хлопец памёр у бальніцы. Па дадзеным факце праводзіцца праверка, высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.
Ратавальнікі нагадваюць: пакідаць дзяцей адных без нагляду вельмі небяспечна. Захоўвайце запалкі і іншыя запальныя сродкі далей ад дзіцячых вачэй. Не дазваляйце малышам самастойна карыстацца газам і электрабытавымі прыборамі, не пакідайце печы, якія топяцца, на дзяцей. Будзьце сваім дзецям прыкладам для пераймання ва ўсім, у тым ліку і ў безумоўным выкананні правіл бяспечных паводзін.