Гісторыя

Першыя людзі з'явіліся на пастаўскіх землях яшчэ ў эпоху позняга неаліту і ранняга бронзавага веку (кан. III – пач. II стст. да н.э.). Пра гэта сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак у заходняй частцы горада, на беразе Задзеўскага возера.

У перыяд ранняга сярэднявечча пастаўскія землі ўваходзілі ў склад Полацкага княства і знаходзіліся ва ўладанні намесніка полацкага князя – пасадніка. Верагодна, у той час існавала паселішча Пасаднік на месцы сучаснага горада.

У 1409 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт даруе грамату Зіновію Братошычу перавод вёскі Пасаднік у разрад мястэчак з прысваеннем назвы – Паставы.

Да сярэдзіны XVIII ст. Паставы ўяўлялі сабой невялікае мястэчка са сфарміраваным цэнтрам – рыначнай плошчай, ад якой пачыналіся гандлёвыя шляхі на Мядзел і Друю.

Мінулае Пастаў багата цікавымі падзеямі і знакамітымі асобамі. У ліку людзей, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі горада – Тызенгаўзы: Антоній (1733 – 1785 гг.) і Канстанцін (1786 – 1853 гг.). У 1720 г. мястэчка пераходзіць ва ўладанне роду Тызенгаўзаў. Падскарбій надворны літоўскі, кіраўнік каралеўскімі эканоміямі і стараста гродзенскі Антоній Тызенгаўз паспрабаваў перабудаваць Паставы ў адзін з цэнтраў культурна-прамысловага пераўтварэння беларускага краю. Па яго задуме і пры ўдзеле архітэктара Джузэпэ дэ Сака цалкам змянілася цэнтральная частка мястэчка: на Рыначнай плошчы з'явіўся ансамбль – крыты рынак, дамы рамеснікаў, будынак гарадской канцылярыі і суда, школа, аўстэрыя, заезныя дамы, гасцініца, аптэка. Пабудаваў мануфактуры – палатняную, папяровую і мануфактуру паясоў. Да сённяшняга дня захаваліся рамесныя будынкі ў стылі барока, лячэбніца, будынак былой гасцініцы на цэнтральнай плошчы, палац Тызенгаўза.

Новы ўладальнік Пастаў – Канстанцін Тызенгаўз ператварыў горад у адзін з навуковых і культурных цэнтраў Беларусі. У палацы быў створаны арніталагічны музей, карцінная галерэя, значная бібліятэка.

Яркая і трагічная старонка ў гісторыі раёна – гады Вялікай Айчыннай вайны.

У гады вайны ў горадзе і раёне дзейнічалі падпольныя камсамольска-маладзёжныя і антыфашысцкія арганізацыі і групы, падпольныя райкамы КПБ і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Варашылава, імя Гастэлы, імя Ракасоўскага і іншыя.

Велізарную шкоду нанесла раёну гэтая страшная вайна. За час акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі на тэрыторыі раёна знішчылі больш за пяць з паловай тысяч чалавек. Падчас карных аперацый было спалена 77 вёсак, у тым ліку - Альцы, якая была спалена разам з жыхарамі. Звыш дзвюх тысяч маладых людзей былі выгнаны ў Германію на прымусовыя работы. Практычна пацярпела кожная сям'я, якая пражывала на тэрыторыі раёна.

5 ліпеня 1944 года горад Паставы быў вызвалены воінамі 145 стралковай дывізіі генерал-маёра П.А.Дзіброва. Назаўжды засталіся на пастаўскай зямлі воіны-вызваліцелі - гвардыі генерал-маёр Ігнат Вікенцьевіч Кляро, гвардыі палкоўнік Дзмітрый Васільевіч Харальскі і 333 байцы і афіцэры, пахаваныя ў брацкай магіле па вул.Чырвонаармейскай.

Аб жорсткіх баях за Пастаўшчыну сведчаць брацкія пахаванні воінаў савецкай Арміі і партызан у г.п.Варапаева і Лынтупы, вёсках Камаі і Манькавічы.