Няма палаў сухой травы
З надыходам вясны пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. З году ў год паўтараецца адзін і той жа сцэнарый: як толькі ўсталёўваецца сухое вясновае надвор'е, людзі пачынаюць наводзіць парадак на прыдамавых тэрыторыях, спальваючы смецце і леташнюю траву. Згодна статыстыцы ў 2020 годзе зафіксавана 3 729 выпадкаў гарэння травы і хмызнякоў на плошчы 3 438 га. Ратавальнікі ліквідавалі 1 074 лясных пажараў (6 543 га) і 225 узгаранняў тарфянікаў (88 га). Ад сухой расліннасці пазбаўляюцца агнём, не задумваючыся пра наступствы. Нярэдка ахвярамі травяных палаў становяцца пенсіянеры, што даказваюць шматлікія прыклады з аператыўных зводак:
29 сакавіка 2020 года: у Карэліцкім раёне мужчына выпальваў сухую расліннасць за тэрыторыяй свайго падворка. Калі полымя пачало пагражаць пабудовам, пачаў тушыць яго самастойна. У выніку на пенсіянеры загарэлася адзенне. Суседка выклікала ратавальнікаў. Пацярпелы атрымаў апёкі 30% цела.
15 мая 2020 года: з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця пажар адбыўся ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Мужчына наводзіў парадак у доме, непатрэбныя рэчы вырашыў спаліць. Месца выбраў у пяці метрах ад дома і гаспадарчай пабудовы. Іскра, якая вылецела з вогнішча, стала прычынай загарання. Пенсіянер своечасова выклікаў ратавальнікаў – пацярпела толькі гаспадарчая пабудова.
З пачатку года на тэрыторыі вобласці ліквідаваны 3 загаранні травы і хмызнякоў (Чашніцкі р-н – 1, Браслаўскі р-н – 1, г. Віцебск – 1) на агульнай плошчы 2,1 га.
Даведачна: за аналагічны перыяд 2020 года на тэрыторыі вобласці былі зарэгістраваны: 1 лясны пажар на плошчы 1,4 га, 43 загаранні травы і хмызнякоў на агульнай плошчы 40,89 га.
Праблема спальвання смецця і леташняй травы займае асобнае месца сярод прычын узнікнення палаў. Аднак, імкненне навесці парадак часам прыводзіць да самых цяжкіх наступстваў – гібелі людзей. Так, у мінулым годзе пры спальванні смецця ў в. Старое Пашкава Магілёўскага раёна загінуў пенсіянер 1950 г.н., а ў в. Галоўчыцы Нараўлянскага раёна пры тушэнні пала травы ратавальнікі знайшлі абгарэлае цела пенсіянеркі 1935 г.н.
Варта адзначыць, травяныя палы хутка распаўсюджваюцца, асабліва ў ветраныя дні. Агонь раздзімаецца імгненна, яго вельмі складана ўтрымаць і спыніць. Палы сухой травы могуць прывесці да ўзгаранняў дачных пабудоў, драўляных дамоў. Леташняя трава хутка высыхае на моцным вясновым сонцы і лёгка загараецца ад любой кінутай запалкі або цыгарэты:
7 красавіка 2020 года: знаходзячыся на рыбалцы ў Камянецкім раёне, мужчына закурыў і кінуў у траву не затушаную запалку. Праз лічаныя секунды каля яго загарэлася полымя. Мужчына пачаў тушыць пажар падручнымі сродкамі, у выніку чаго атрымаў тэрмічныя апёкі.
18 сакавіка 2020 года: у Глускім раёне згарэла 20 га травы. Работніца ААТ «Зара Камуны» сачыла на полі за буйной рагатай жывёлай. Жанчына закурыла і кінула непатушаны акурак на зямлю. Сухая трава імгненна ўспыхнула. Ад месца загарання да населенага пункта было ўсяго 300 метраў. Ратавальнікі неадкладна выехалі да месца здарэння і прыступілі да тушэння. У гэты дзень быў моцны вецер і толькі з прычыны таго, што яго напрамак быў ад вёскі, бліжэйшыя дамы і пабудовы не пацярпелі.
Падпальваючы сухую леташнюю траву ўздоўж дарог, на ўзлесках лесу, на палях і лугах, многія, магчыма, і не падазраюць, што можа пачацца лясны пажар, які прыводзіць да непапраўных наступстваў. Пры парывістым ветры агонь распаўсюджваецца вельмі хутка – з хуткасцю 25-30 кіламетраў у гадзіну. Лакалізаваць і патушыць такі пажар вельмі не проста:
16 сакавіка 2020 года: позна ўвечары ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні каля в. Ятра. На ліквідацыю пала было накіравана 4 падраздзяленні, стварылася пагроза ўзгарання лесу. Пажар адбыўся па віне рыбакоў, якія пакінулі непатушаным вогнішча побач з возерам. На шчасце, ратавальнікі справіліся з узгараннем.
У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Артыкул 16.41 – за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць. Аднак многіх не спыняе нават матэрыяльнае пакаранне:
30 сакавіка 2020 года: мужчына з уласных перакананняў у неабходнасці ачысткі зямельнага ўчастка падпаліў сухую траву ў пойме ракі Лясная ў г. Камянец.