Наталля Качанава: Скаргаў ад насельніцтва ў Віцебскай вобласці становіцца менш
На выязным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ва Ушачах разглядаецца работа са зваротамі грамадзян, якія паступілі ад жыхароў Віцебшчыны, у прыватнасці, у ходзе адзінага дня прыёму парламентарыямі.
Як адзначыла Наталля Качанава, статыстыка са зваротамі грамадзян у Віцебскай вобласці досыць пазітыўная. Скаргаў стала нашмат менш.
– Вы ведаеце, якая ўвага надаецца рабоце са зваротамі грамадзян. Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе, звяртаючыся да парламента, сказаў: мы павінны перш за ўсё ўважліва працаваць з людзьмі. Гэта быў асноўны яго пасыл у адносінах да дэпутацкага корпуса краіны. Гэта датычыцца не толькі парламента, але і ўсіх дэпутатаў. Уважлівае стаўленне, веданне праблем, чым жывуць людзі, якія пытанні неабходна вырашаць на тым ці іншым этапе нашага развіцця – гэта для нас асноватворнае.
Спікер верхняй палаты Парламента звярнула ўвагу, што зацверджаны план работы над законапраектамі на 2026 год, у тым ліку над праектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
– Калі казаць шчыра, у нашай краіне гэтая работа выбудавана досыць выразна. Мы разумеем задачу, перыядычнасць правядзення прыёмаў грамадзян, ведаем, як сёння трэба працаваць са зваротамі. Але часам не хапае проста ўважлівага стаўлення да людзей. На апошнім прыёме грамадзян, які прайшоў 4 лютага, я ў гэтым пераканалася. Калі пачынаюць людзі задаваць пытанні, я разумею, што мы да іх не дайшлі. Не дайшлі дэпутаты, прадстаўнікі ўлады. Мы не асвятлілі тую ці іншую інфармацыю ў мясцовай газеце або на тэлебачанні, каб было зразумела, – падкрэсліла Наталля Качанава.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішнеўскі адзначыў, што колькасць зваротаў, якія датычацца работы галіны ў Віцебскай вобласці, невялікая. Гэта вынік мэтанакіраванай работы.
– На працягу года кіраўнікамі галоўнага ўпраўлення праведзена 56 асабістых прыёмаў, у буднія дні працуе гарачая тэлефонная лінія. На першым месцы ў спісе найбольш вострых зваротаў стаяць тыя, якія так ці інакш звязаны з кадрамі. І гэта заканамерна, бо якасць дапамогі напрамую залежыць ад кадравага патэнцыялу. За апошнія 5 гадоў укамплектаванасць урачамі вырасла на 3%, па сярэдніх медыцынскіх работніках на 2%. Забяспечанасць медыцынскай дапамогай на 10 тысяч насельніцтва таксама вырасла з 2020 года на 2%. Аднак Віцебшчына адстае ад іншых рэгіёнаў рэспублікі. Таму мы звяртаем увагу на замацаванне медыцынскіх кадраў на першых рабочых месцах і зніжэнне цякучасці. Штогод праходзіць набор па мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. Колькасць мэтавых месцаў значна павялічана. Адкрыта вячэрняя форма падрыхтоўкі медыцынскіх сясцёр, з 2022-га года ажыццяўляецца набор навучэнцаў на базе 9 класаў, – растлумачыў Міхаіл Вішнеўскі.
Кожны зварот грамадзян, гэта не проста ліст або электронная заява. Гэта прамы зварот чалавека да дзяржавы з надзеяй быць пачутым, – адзначыў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў.
– Таму сёння мы ставім перад сабой задачу не проста рэагаваць на зварот, а выбудаваць сістэму эфектыўнай работы вертыкалі ўлады, дзе лакмусавай паперкай будзе аператыўнасць рэагавання на запыты людзей. Тэматыка зваротаў, якія паступілі ў гарвыканкам, ахоплівае шырокі спектр праблем. Пераважная большасць датычыцца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Такіх жыхары горада на працягу 2025 года накіравалі 1887 зваротаў, што складае практычна 60% агульнай колькасці, – растлумачыў Аляксей Героеў.
Аналіз дазволіў выявіць найбольш уразлівыя месцы. Так, значная частка зваротаў у сферу ЖКГ паступае па пытаннях рамонту, эксплуатацыі і ўтрымання жыллёвага фонду. Часта яны выкліканы аб'ектыўнымі прычынамі. Сапраўды, каля 40 % інжынерных сетак у падвалах памяшканняў жыллёвага фонду горада Віцебска маюць павышаны знос, у сувязі з чым адбываюцца частыя аварыйныя сітуацыі, затапленне падвалаў.
– З улікам гэтага ў горадзе рэалізуецца праграма «Падвал». У рамках яе на працягу мінулага года былі выкананы работы па бягучым рамонце і замене інжынерных і малых сетак у 76 шматкватэрных жылых дамах, – працягнуў старшыня гарвыканкама.