Наколькі бяспечней стала ў Віцебскай вобласці? Падвялі вынікі працы міліцыі за 2025 год
Надзённыя пытанні журналістаў і блогераў пра крымінагенную абстаноўку ў рэгіёне не паставілі кіраўніка міліцыі Віцебшчыны Максіма Суботу ў тупік. Ён звярнуў увагу на стопрацэнтную раскрывальнасць цяжкіх злачынстваў, падкрэсліваючы намаганні праваахоўнікаў па забеспячэнні бяспекі.
На прэс-канферэнцыі Максім Субота адзначыў, што ў
Віцебскай вобласці за 2025 год узровень злачыннасці стаў адным з самых нізкіх
па рэспубліцы і за апошнія 5 гадоў дасягнуў свайго найменшага значэння.
– На 20 % знізілася колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі. Гэта
дасягнута дзякуючы комплексным мерам, з прыцягненнем і бацькоў, і
педагогаў, асабліва ў канікулярны перыяд. На 50 % зменшылася колькасць
выпадкаў незаконнага абароту наркотыкаў пры ўдзеле непаўналетніх.
Рэзанансная справа была ўзбуджана ў лістападзе 2025 года ў Дубровенскім раёне, калі затрымалі падлетка з двума грамамі мефедрону. Пазней праваахоўнікамі было канфіскавана 40 схованак, якія непаўналетні паспеў раскласці. Даход склаў 1 тысячу рублёў, а вось свабоды падлетак цяпер можа пазбавіцца на 15 гадоў, – заўважыў палкоўнік міліцыі.
Праблема наркаманіі для рэгіёну па-ранейшаму актуальная.
Забароненыя рэчывы рэалізуюцца ў асноўным праз інтэрнэт. У 2025 годзе
праваахоўнікі выявілі 6 наркакрам. Гэта на 4 больш, чым у 2024 годзе.
Міліцыя Віцебшчыны ідзе ў нагу з часам, і чат-бот МУС «Мы заўсёды побач» таму
пацвярджэнне. Жыхары вобласці актыўна карыстаюцца навінкай: толькі за студзень
праваахоўнікі атрымалі больш за 160 паведамленняў.
На Віцебшчыне праводзіцца мноства маштабных мерапрыемстваў: у 2025 годзе праваахоўнікі забяспечылі бяспеку больш за 2 мільёны 800 тысяч чалавек. Для гэтага ажыццяўлялася не толькі патруляванне тэрыторыі і кантроль уваходу, але і адсочванне сітуацыі ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай сістэм відэаназірання і дронаў.
Максім Субота ў ходзе прэс-канферэнцыі засяродзіў увагу на зменах у тыпах злачынстваў, асабліва адзначыўшы рост кібермахлярства. Гэты крымінальны трэнд становіцца ўсё больш актуальным ва ўмовах лічбавізацыі грамадства і шырокага выкарыстання інтэрнэт-тэхналогій.
– У 52 % выпадкаў пацярпелыя – гэта пажылыя і састарэлыя грамадзяне. Прычына таму – неінфармаванасць. У далейшым мы плануем прыцягваць прадстаўнікоў «Белпошты» і спецыялістаў па сацыяльнай рабоце для павышэння ўзроўню бяспекі і абароны грамадзян у лічбавай прасторы. З навінак можна адзначыць узаемадзеянне з аператарамі мабільных сістэм, якія садзейнічаюць павышэнню інфармаванасці насельніцтва аб патэнцыйных пагрозах у інтэрнэце, – падкрэсліў палкоўнік міліцыі.
У 2025 годзе ў Віцебскай вобласці зафіксавана 402 уліковыя
ДТЗ. Колькасць загінулых на дарогах не змянілася ў параўнанні з 2024-м – 65
чалавек. Найбольш праблемныя ўчасткі – трасы рэспубліканскага значэння з
высокім хуткасным рэжымам, дзе часцей за ўсё адбываецца лабавое сутыкненне
аўтамабіляў пры абгоне. Аднак можна адзначыць, што ў вобласці праводзяцца
рэгулярныя мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне аварыйнасці.
– Рэгулярныя рэйды супрацоўнікаў ДАІ, маніторынг і аналіз ДТЗ, устаноўка
дадатковых святлафораў, дарожных знакаў і разметкі на небяспечных участках,
укараненне камер відэаназірання і сістэмы аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў,
прафілактычныя гутаркі па выкананні правіл дарожнага руху – гэтыя меры дазваляюць
значна палепшыць бяспеку на дарогах і правесці больш эфектыўную
барацьбу з правапарушэннямі, – канстатаваў палкоўнік міліцыі.
Міграцыйны паток за апошні год значна вырас у параўнанні з папярэднім перыядам. Асноўны драйвер – працоўная міграцыя.
– У 2025 годзе ў Віцебскую вобласць з мэтай працы прыбыло больш за 1,5 тысячы мігрантаў. Наша вобласць традыцыйна прыцягвае замежнікаў для атрымання адукацыі. У 2025 годзе ў рэгіёне навучалася больш за 57 тысяч студэнтаў з 62 краін свету. Замежнікам прадастаўляюцца кансультацыі па пытаннях легалізацыі, працаўладкавання і права знаходжання на тэрыторыі краіны, – заўважыў Максім Субота.
У завяршэнне прэс-канферэнцыі начальнік УУС выказаў падзяку прадстаўнікам СМІ, уручыўшы ім кветкі і падзякі.