Насілле ў сям'і
Кожны чалавек, які жыве на зямлі і ўдзельнічае ў жыцці грамадства, сутыкаўся з насіллем. Ён можа не стаць ахвярай насілля або асобай, якая яго здзяйсняе, аднак можа ведаць ці бачыць, як прычыняецца боль і пакуты каму-небудзь. На жаль, у сучасным свеце прапаганда насілля прысутнічае ўсюды – у фільмах, друкаваных выданнях і навінах гэтая тэма закранаецца, абмяркоўваецца, становіцца для нас звыклай. З ранняга ўзросту чалавек бачыць, як прычыняецца боль і, на жаль, у многіх выхоўваецца стэрэатып таго, што насілле, жорсткасць – гэта норма, адзін са складнікаў нашага жыцця. Атрымаўшы падобную ўстаноўку, не ўсе могуць адмовіцца ад праяўлення жорсткасці, прычынення болю і пакут іншым.
Адным з самых страшных відаў насілля з'яўляецца "НАСІЛЛЕ Ў СЯМ'І". Прычыны жорсткасці ў сямейных адносінах розныя. Як паказвае практыка, глебай для праяўлення жорсткасці могуць быць і праблемы на працы, і бытавая неўладкаванасць, і наступства псіхічных расстройстваў. Але ёсць прычына, якая з'яўляецца самым старым ворагам нармальных сямейных адносін. Гэта алкаголь. Яго сіла вялікая невымерна і самае сумнае тое, што самі ж людзі даюць гэтай сіле вырвацца на свабоду. Колькасць правапарушэнняў, учыненых у сферы сямейна-бытавых адносін у стане алкагольнага ап'янення, проста палохае. У некаторых склалася меркаванне, што алкаголь – гэта лекі ад усіх праблем і, прыходзячы дадому пасля цяжкага дня, ганарлівы бацька не прыносіць дзецям цукеркі, а жонцы кветкі, ён нясе бутэльку спіртнога і закуску. Падобныя паводзіны становяцца нормай, у выніку развіваецца залежнасць, сем'і руйнуюцца, жыцці ламаюцца. Лячэнне алкагольнай залежнасці – доўгі і балючы працэс, які не заўсёды дае станоўчыя вынікі.
Для вырашэння праблемы насілля ў сферы сямейна-бытавых адносін упаўнаважанымі органамі прымаецца шэраг мер. Па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь упраўленнем унутраных спраў сумесна з зацікаўленымі органамі рэгулярна праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы, такія як «Дом без насілля!», «Быт», мэтай якіх з'яўляецца прыцягненне ўвагі шырокіх слаёў насельніцтва да праблемы бытавога насілля. Калі вы сталі ахвярай хатняга насілля, падобная праблема ёсць у вашых блізкіх ці знаёмых – смела набірайце нумар 102, 4 10 02. Супрацоўнікі Пастаўскай міліцыі неадкладна акажуць вам неабходную дапамогу.
З мэтай прадастаўлення часовага месца знаходжання і аказання кваліфікаванай псіхалагічнай, юрыдычнай, рэабілітацыйнай і сацыяльнай дапамогі асобам, якія знаходзяцца ў крызісным стане, ахвярам хатняга насілля, у Пастаўскім раёне створана і функцыянуе «крызісны пакой», куды вы можаце звярнуцца штодня, кругласутачна па тэлефонах 2-40-70, 2-40-67. Усе паслугі прадастаўляюцца бясплатна.
Інфармацыя аб магчымасцях арганізацый па аказанні дапамогі асобам, якія пацярпелі ад хатняга насілля, тэлефоны гарачых ліній па праблемах насілля ў сям'і, размешчана на сайце http://old.ostanovinasilie.org.
Падрыхтавана
аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі Пастаўскага РАУС