Народнае апалчэнне ў Беларусі: хто можа ўступіць і якія паўнамоцтвы ёсць у добраахвотнікаў

«Кожны мужчына павінен умець абыходзіцца са зброяй, таму што ніхто не зможа абараніць свой дом лепш, чым ты сам», – не раз падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы. Гэтыя словы ляглі ў аснову філасофіі народнага апалчэння.

Апалчэнцы адыгралі важную ролю ў зыходзе Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы родную зямлю са зброяй у руках. Сёння стварэнне атрадаў народнага апалчэння – гэта працяг слаўных традыцый народнай самаабароны і практычны інструмент, які дазваляе кожнаму патрыёту ўнесці свой уклад у бяспеку краіны і быць гатовым у любы цяжкі момант стаць на абарону Радзімы. На фоне складанай знешнепалітычнай абстаноўкі, нарастання ваеннай напружанасці і дэструктыўных крокаў з боку шэрагу замежных дзяржаў у Беларусі прыняты рашучыя меры па ўмацаванні абараназдольнасці. Адзін з ключавых крокаў – падпісаны Прэзідэнтам 17 ліпеня 2023 года Закон «Аб народным апалчэнні», які стаў прамым адказам на сучасныя выклікі і ўвасабленнем прынцыпу: абарона Айчыны павінна насіць усенародны характар. Галоўная задача апалчэнцаў – абарона свайго дома, маёмасці, сям'і і малой радзімы.

Паўнамоцтвы добраахвотнікаў

Пры ажыццяўленні задач народныя абаронцы маюць права прымяняць фізічную сілу і выкарыстоўваць зброю (строга ў рамках дзеючага заканадаўства); затрымліваць тых, хто ўчыніў злачынствы або правапарушэнні з мэтай іх далейшай перадачы прадстаўнікам органаў унутраных спраў; патрабаваць ад грамадзян захавання грамадскага парадку, ўстаноўленых абмежаванняў, забарон ваеннага часу і спынення дзеянняў, якія перашкаджаюць працы апалчэння; дапамагаць праваахоўнікам вырашаць розныя задачы:

– абмяжоўваць рух і даглядаць транспарт;

– кантраляваць пропускі на ахоўныя аб'екты;

– правяраць дакументы, праводзіць асабісты дагляд грамадзян і рэчаў (з наступнай перадачай канфіскаваных прадметаў супрацоўнікам органаў унутраных спраў);

– пры пераследзе падазраваных аглядаць памяшканні, у тым ліку жылыя;

– выкарыстоўваць транспарт для дастаўкі пацярпелых у медустановы.

Хто можа стаць народным абаронцам?

Атрады народнага апалчэння камплектуюцца добраахвотнікамі з неабходнымі асабістымі якасцямі і адпаведным станам здароўя. Закон забараняе залічваць у шэрагі апалчэння грамадзян, якія адбываюць пакаранне (арышт, абмежаванне альбо пазбаўленне волі); тых, у дачыненні да каго абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, хатняга арышту альбо прынята рашэнне аб інтэрнаванні; прызнаных недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі; якія маюць захворванні або фізічныя недахопы, якія перашкаджаюць магчымасці валодаць зброяй.

Народнае апалчэнне – гэта ўзброеныя фарміраванні, якія ствараюцца з ліку добраахвотнікаў, якія выказалі жаданне ўдзельнічаць у забеспячэнні ваеннага становішча на тэрыторыі сваёй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі (напрыклад, сельсавета). Хоць апалчэнцы павінны аказваць садзейнічанне тэрытарыяльным органам унутраных спраў у выкананні комплексу неабходных мерапрыемстваў пры ўвядзенні ваеннага становішча, але для падтрымання пастаяннай гатоўнасці з імі праводзяцца штогадовыя вучэнні ў мірны час. Удзел у апалчэнні базуецца на непарушных прынцыпах добраахвотнасці, законнасці, гуманізму і галоснасці. Залічэнне ў шэрагі добраахвотнікаў НЕ вызваляе ад прызыву па мабілізацыі і НЕ спыняе працоўныя адносіны. Працадаўца абавязаны вызваліць народнага абаронцу ад працы на час выканання задач, захаваць за ім месца, пасаду і сярэдні заробак.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі

АУС Пастаўскага райвыканкама