На пліце – забытая ежа, а ў доме – пажар?

Чаму падгарае ежа на пліце? Таму што чалавек безадказны ці рассеяны. Напрыклад, ставіць каструлю з супам на гарачую канфорку і… засынае ад стомленасці ці ўжытага алкаголю, выбягае з дому па неадкладных справах. А полымя тым часам «перакідваецца» на шторы, ручнікі, і пачынаецца пажар. Парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў стала прычынай пажару ў садоўніцкім таварыстве Энергетык у ліпені гэтага года.

Як засцерагчыся ад падобнага сцэнарыя вогненнай НС? Вывучыце наступныя правілы і падзяліцеся імі з блізкімі і сябрамі:

- перад працэсам гатоўкі падбярыце заколкай валасы, паклапаціцеся, каб рукавы адзення не былі свабоднымі, шырокімі, доўгімі: за іх полымя можа лёгка «зачапіцца»;

- ніколі не пакідайце кухню ў працэсе гатоўкі і не пакідайце ежу без нагляду;

- не размяшчайце побач з плітой папяровыя і тканкавыя ручнікі, прадметы дэкору з лёгкаўзгаральных матэрыялаў;

- не пакідайце ў посудзе на пліце драўляныя ці пластыкавыя лыжкі і апалонікі;

- электрычныя кабелі трымайце як мага далей ад пліты;

- патэльня патрабуе асаблівай увагі! Не кладзіце ў разагрэты алей патэльні мокрыя прадукты – алей распырскаецца;

- ніколі не залівайце гарачы алей вадой! Бяспечны спосаб – накрыць посуд вечкам. Калі ўліць ваду ў алей, атрымаецца «выбух», які прывядзе да апёкаў і пажару;

- калі ў вас ёсць такая магчымасць, набудзьце ў дом ці кватэру вогнетушыцель.

Памятайце! Калі на вашай пліце пажар, тэрмінова накрыйце посуд вечкам, доступ кіслароду будзе абмежаваны. Калі пажар маштабны, уцякайце з кухні, зачыніўшы за сабой дзверы, пры магчымасці – вокны, і выклікайце ратавальнікаў па нумарах 101 ці 112.