На пліце – забытая ежа, а ў доме – пажар?
Чаму падгарае ежа на пліце? Таму што чалавек безадказны або рассеяны. Напрыклад, ставіць рондаль з супам на гарачую канфорку і... засынае ад стомленасці або ўжытага алкаголю, выбягае з дому па неадкладных справах. А полымя тым часам «перакідваецца» на шторы, ручнікі, і пачынаецца пажар. Парушэнне правілаў эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў стала прычынай пажару ў садовым таварыстве Энергетык у ліпені гэтага года.
Як засцерагчыся ад падобнага сцэнарыя вогненнай НС? Вывучыце наступныя правілы і падзяліцеся імі з блізкімі і сябрамі:
- перад працэсам гатоўкі падбярыце заколкай валасы, паклапаціцеся, каб рукавы адзення не былі свабоднымі, шырокімі, доўгімі: за іх полымя можа лёгка «зачапіцца»;
- ніколі не пакідайце кухню ў працэсе гатоўкі і не пакідайце ежу, якая гатуецца, без нагляду;
- не размяшчайце побач з плітой папяровыя і тканкавыя ручнікі, прадметы дэкору з лёгкаўзгаральных матэрыялаў;
- не пакідайце ў посудзе на пліце драўляныя або пластыкавыя лыжкі і чарпакі;
- электрычныя кабелі трымайце як мага далей ад пліты;
- патэльня патрабуе асаблівай увагі! Не кладзіце ў разагрэты алей патэльні мокрыя прадукты – алей распырскаецца;
- ніколі не залівайце гарачы алей вадой! Бяспечны спосаб – накрыць посуд вечкам. Калі ўліць ваду ў алей, атрымаецца «выбух», які прывядзе да апёкаў і пажару;
- калі ў вас ёсць такая магчымасць, набудзьце ў дом або кватэру вогнетушыцель.
Памятайце! Калі на вашай пліце пажар, тэрмінова накрыйце посуд вечкам, доступ кіслароду будзе абмежаваны. Калі пажар маштабны, уцякайце з кухні, зачыніўшы за сабой дзверы, пры магчымасці – вокны, і выклікайце ратавальнікаў па нумарах 101 або 112.