Месцам масавага адпачынку - асаблівая ўвага

З прыходам доўгачаканага цяпла ўзрастае і колькасць тых, хто імкнецца адпачыць на прыродзе. Менавіта для найбольш эфектыўнага забеспячэння бяспекі грамадзян супрацоўнікі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых ведамстваў загадзя праводзяць маніторынг зон масавага адпачынку. Распрацоўваюцца адпаведныя маршруты патрулявання нарадамі міліцыі.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, асаблівая ўвага будзе надавацца папярэджанню і спыненню правапарушэнняў, звязаных з распіццём спіртных напояў, у тым ліку піва, паблізу вадаёмаў, а таксама ў парках, купаннем у забароненых месцах. Неабходна яшчэ раз нагадаць пра адказнасць за правапарушэнні ў месцах масавага адпачынку грамадзян, якія з'яўляюцца яшчэ і грамадскімі месцамі. Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва ў грамадскім месцы альбо з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення ў адпаведнасці з артыкулам 17.3 КаАП РБ цягне накладанне штрафу ў памеры да 8 базавых велічынь, а ў выпадку паўторнага здзяйснення на працягу года — ад 2 да 15 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Адміністрацыйная адказнасць наступіць у выпадку, калі распіццё спіртных і слабаалкагольных напояў будзе адбывацца на вачах у навакольных.

Збіраючыся правесці час на прыродзе, неабходна памятаць, што заканадаўствам прадугледжана адказнасць за купанне ў забароненых месцах рэк, азёр ці іншых вадаёмаў. За гэта санкцыя артыкула 23.63 КаАП РБ – накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь. Папярэджанне або штраф у памеры да 12 базавых велічынь прадугледжаны за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах, такая адказнасць, прадугледжаная артыкулам 15.58 КаАП РБ. Да 50 базавых велічынь можа аказацца штраф за забруджванне лесу і іншай драўняна-кустовай расліннасці грамадзянамі згодна з артыкулам 15.30 КаАП РБ.

Будзьце законапаслухмянымі, каб не сапсаваць адпачынак сабе і навакольным. І памятайце, што ўсе меры, якія прымаюцца праваахоўнікамі па забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў месцах масавага адпачынку грамадзян, накіраваны на зніжэнне рызыкі няшчасных выпадкаў, здзяйснення ў дачыненні да адпачываючых рознага роду правапарушэнняў і злачынстваў.

В.а. намесніка начальніка Пастаўскага РАУС -
начальнік міліцыі грамадскай бяспекі
А.Г. Мядзелка