Месцы масавага адпачынку грамадзян

Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным

З усталяваннем цёплага надвор'я жыхары і госці нашага горада і раёна цягнуцца да прыроды і ў першую чаргу да рэк і азёр, для таго каб адпачыць, асвяжыцца і аднавіць сілы пасля працоўных будняў. Часта, знаходзячыся на адпачынку, яны забываюць пра меры асабістай маёмаснай бяспекі, правілы паводзін на вадзе, захаванне правілаў пажарнай бяспекі, што часам прыводзіць да трагічных наступстваў. Некаторыя распіваюць спіртное, разводзяць вогнішчы ў пажаранебяспечных месцах, забруджваюць навакольнае асяроддзе бытавымі адходамі, займаюцца незаконнай высечкай лесу і лоўляй рыбы браканьерскімі спосабамі, што ператварае іх у правапарушальнікаў.

На тэрыторыі горада Паставы і Пастаўскага раёна рашэннямі райвыканкама вызначаны месцы, дазволеныя для купання, месцы, дзе купанне забаронена, а таксама месцы масавага адпачынку грамадзян, гэта значыць тыя, дзе пры пэўных абставінах збіраецца значная колькасць грамадзян.

Да месцаў, забароненых для купання, адносяцца тыя месцы, дзе гэта рабіць небяспечна з-за рэльефу дна, цячэння, блізкасці якіх-небудзь тэхнічных збудаванняў і іншых меркаванняў бяспекі людзей. Так, рашэннем Пастаўскага райвыканкама вызначана, што купанне забаронена ў меліярацыйных і тэхнічных каналах, прудах, прудах-капанях, абводненых кар'ерах, штучных пажарных вадаёмах, ачышчальных збудаваннях, залівах, месцах размяшчэння плацін, шлюзаў, мастоў, дамб і іншых гідратэхнічных збудаванняў. Купанне ў гэтых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.24.42 кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей КаАП). За такое парушэнне можа быць накладзены штраф да трох базавых велічынь.

Месцамі, дазволенымі для купання, з'яўляюцца пляжы і прыбярэжныя тэрыторыі азёр і рэк. Для забеспячэння нармальнага адпачынку, бяспекі людзей, яны добраўпарадкоўваюцца, гэта значыць абсталёўваюцца ценявымі навесамі, распранальнямі, смеццевымі кантэйнерамі, туалетамі. Пры гэтым перад адкрыццём купальнага сезона ў абавязковым парадку з дапамогай вадалазаў АСВОД дно акваторыі пляжу ачышчаецца ад бытавога смецця і іншых прадметаў, якія могуць прывесці да траўміравання людзей. Такім чынам, купанне і адпачынак у такіх месцах больш бяспечныя.

Месцы масавага адпачынку грамадзян – гэта месцы з найбольшай наведвальнасцю людзей, у тым ліку і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. У нашым горадзе і раёне гэта, пляж ракі Мядзелка (гарадскі парк), пляж возера Задзеўскае з боку вул.Зялёнай г.Паставы, пляж возера Дубок і пляж возера Белае (найбольш вядомыя нашым жыхарам як «Азёркі»).

Аднак не варта забываць пра тое, што ўсе месцы адпачынку з'яўляюцца грамадскімі месцамі, у сувязі з чым, распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, роўна як з'яўленне ў стане ап'янення, у гэтых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.19.3 КаАП. У летні перыяд, органамі ўнутраных спраў будзе надавацца асаблівая ўвага забеспячэнню грамадскай бяспекі і ахове грамадскага парадку ў гэтых месцах, бо парушэнне элементарных правілаў паводзін, альбо купанне ў стане алкагольнага ап'янення часта з'яўляюцца прычынамі няшчасных выпадкаў і гібелі людзей.

Таксама даволі часта адбываецца так, што захапіўшыся адпачынкам і купаннем у прахалоднай вадзе ў спякотны дзень, людзі пакідаюць без нагляду сваю маёмасць, у тым ліку і дарагія тэлефоны, фотаапараты і іншыя каштоўнасці. Гэтым могуць скарыстацца «нячыстыя на руку» людзі і выкрасці іх. Таму, не пакідайце сваю маёмасць без нагляду, выконвайце заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правілы паводзін на вадзе і Ваш адпачынак будзе прыемным і бяспечным.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Пастаўскага райвыканкама.


Рашэнне Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 19 красавіка 2019 г. № 380 "Аб вызначэнні месцаў масавага адпачынку грамадзян"

Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным

Па пытаннях, якія датычацца праваахоўнай дзейнасці, Вы можаце звярнуцца ў аддзел унутраных спраў Пастаўскага райвыканкама па тэлефонах: 

43225, 41202, альбо 102;
МТС 8-029 – 5102945;
Velcom 8-029 – 3257402.

Адначасова нагадваем Вам, што ў грамадскіх месцах

Забараняецца:

  • абразліва прыставаць да грамадзян і здзяйсняць іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства. Артыкул 17.1 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (далей – КаАП) «Дробнае хуліганства» цягне накладанне штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь (далей – БВ) або адміністрацыйны арышт;
  • распіваць слабаалкагольныя або алкагольныя напоі, а таксама піва па-за месцамі, спецыяльна для гэтага прызначанымі, або з'яўляцца ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе. Артыкул 17.3 КаАП «Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў у грамадскім месцы альбо з'яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап'янення» цягне накладанне штрафу ў памеры да 8 БВ. Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна на працягу года пасля накладання спагнання за такія ж парушэнні, ад 2 да 15 БВ або адміністрацыйны арышт. За з'яўленне ў грамадскім месцы, альбо спажыванне наркатычных сродкаў можа быць накладзены штраф да 15 БВ;
  • купацца ў забароненых месцах рэк, азёр, вадасховішчаў, сажалак і іншых вадаёмаў. Артыкул 23.63 КаАП «Купанне ў забароненых месцах» цягне накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 3 БВ;
  • забруджваць і засмечваць вадаёмы, парушаць рэжым утрымання водаахоўных зон. Артыкул 15.51 КаАП «Забруджванне альбо засмечванне вод» цягне накладанне штрафу ў памеры ад 4 да 20 БВ, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 БВ, а на юрыдычную асобу – да 500 БВ.

Акрамя гэтага на пляжах не дазваляецца:

  • уваходзіць у ваду і купацца ў нецвярозым стане;
  • заплываць за буі і іншыя знакі, якія абазначаюць межы заплыву;
  • падплываць да суднаў (маторных, парусных), вяслярных лодак і іншых плаўсродкаў;
  • узбірацца на тэхнічныя і папераджальныя знакі, буйкі і іншыя прадметы;
  • скакаць у ваду з лодак, катэраў, прычалаў, іншых збудаванняў, не прыстасаваных для гэтых мэтаў, а таксама ў месцах, дзе невядомая глыбіня і стан дна;
  • выкарыстоўваць выратавальныя сродкі і рыштунак не па прызначэнні;
  • плаваць на дошках, ляжаках, бярвёнах, аўтакамерах, надзіманых матрацах і іншых прадметах, якія не адпавядаюць патрабаванням, што прад'яўляюцца да плаўсродкаў;
  • арганізоўваць гульні ў вадзе, звязаныя з ныраннем і захопам тых, хто купаецца, а таксама дапускаць іншыя дзеянні, якія могуць з'яўляцца прычынай няшчаснага выпадку;
  • падаваць ілжывыя сігналы трывогі;
  • пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду;
  • купацца асобам, якія маюць заразныя скурныя захворванні;
  • сціраць бялізну і купаць жывёл.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Пастаўскага райвыканкама