Падступны «Мак»

З пачатку чэрвеня на тэрыторыі Пастаўскага раёна праводзіцца спецыяльная праграма «Мак», якая працягнецца да сярэдзіны верасня. Галоўная мэта праграмы – недапушчэнне вырошчвання і распаўсюджвання наркатычнай сыравіны і знішчэнне незаконных пасеваў наркатычных культур, якімі ў Беларусі з'яўляюцца паўсюдна растучыя мак і каноплі.

На тэрыторыі нашага раёна зарэгістравана 11 садаводчых таварыстваў, 7 з якіх дзейнічаюць. У многіх жыхароў раённага цэнтра таксама ёсць дачы і ўчасткі зямлі. Садаводам-аматарам неабходна яшчэ раз нагадаць, што за вырошчванне на прысядзібных участках маку і канопляў існуе адказнасць. І неважна, для асабістых мэтаў ці проста для прыгажосці гэтыя расліны растуць на ўчастку землеўладальніка. За незаконны пасеў або вырошчванне без мэты збыту або вырабу наркатычных сродкаў адказаць прыйдзецца па артыкуле 16.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Парушэнне названага артыкула цягне накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь. Калі ж наркатычныя расліны вырошчваюцца з мэтай рэалізацыі або вырабу наркатычных сродкаў, то наступае адказнасць па артыкуле 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Дадзенае супрацьпраўнае дзеянне караецца пазбаўленнем волі да трох гадоў, а тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна альбо групай асоб, могуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. У выпадку, калі гэтае дзеянне ўчынена арганізаванай групай, у дадзеным артыкуле прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Спадзяюся, гараджане і жыхары нашага раёна не застануцца ў баку ад праблемы незаконнага вырошчвання наркатычных раслін і акажуць садзейнічанне супрацоўнікам міліцыі пры правядзенні праграмы «Мак». Паведамляйце аб усіх вядомых фактах вырастання наркатычных раслін і аб датычнасці асоб да іх незаконнага вырошчвання ў Пастаўскі РАУС па тэлефонах: 102 альбо 4-10-02, 510-29-45 (МТС). Канфідэнцыяльнасць гарантавана.

В.а. намесніка начальніка Пастаўскага РАУС
па ІРіКА
П.М. Свірбутовіч