Як законным парадкам стаць уладальнікам зброі?

Адказы дае Старшы інспектар па дазвольнай рабоце ААПП МАБ Пастаўскага РАУС маёр міліцыі Гарбуль Віталь Яўгенавіч.

Парадак абыходжання са зброяй, яе выкарыстання і рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2001 года № 61-З «Аб зброі». Згодна з Законам, зброя падраздзяляецца на тры катэгорыі: баявая, службовая, грамадзянская.

Паляўнічая зброя (агнястрэльная гладкаствольная, з наразным ствалом, камбінаваная; кідальная; халодная; сігнальная; і пнеўматычная) адносіцца да катэгорыі грамадзянскай зброі.

Для таго, каб набыць паляўнічую гладкаствольную стрэльбу, грамадзяніну павінна быць поўных 18 гадоў, адсутнічаць судзімасць за здзяйсненне наўмысных злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем або прымяненнем зброі, а таксама здзейсненых у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, адсутнасць дзеючых адміністрацыйных правапарушэнняў (іх пералік можна знайсці ў артыкуле 14 Закона). Акрамя таго, у адпаведнасці з медыцынскім заключэннем у кандыдата павінны адсутнічаць медыцынскія супрацьпаказанні да валодання зброяй.

Выдача дазволу на набыццё паляўнічай зброі з'яўляецца адміністрацыйнай працэдурай і строга рэгламентавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян».

Пры звароце за выдачай дазволу неабходна мець: пашпарт, медыцынскую даведку аб стане здароўя (устаноўленага ўзору аб адсутнасці захворванняў, якія перашкаджаюць валоданню зброяй), дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, дзве фатаграфіі памерам 30×40 мм, дакумент, які пацвярджае ўнясенне платы (памер платы, якая спаганяецца пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры — 1 базавая велічыня за кожную адзінку грамадзянскай зброі).

Разам з тым, будучым паляўнічым па месцы пражывання павінны быць створаны ўмовы для захоўвання зброі, якія забяспечваюць яе захаванасць, бяспеку захоўвання і выключаюць доступ да яе старонніх асоб (як правіла, устанаўліваецца сейф, які замыкаецца на спраўны замок, або металічная шафа, скрыня з высокатрывалых матэрыялаў, альбо драўляная скрыня, абітая жалезам, надзейна замацаваная да адной з апорных канструкцый памяшкання альбо дастаткова цяжкая для перамяшчэння адным чалавекам). Памяшканні, у якіх захоўваецца паляўнічая зброя, рэкамендуецца абсталяваць тэхнічнымі сродкамі сістэм ахоўнай сігналізацыі з вывадам сігналу трывогі на пульт Дэпартамента аховы (для ўладальнікаў агнястрэльнай паляўнічай зброі з наразным ствалом, наяўнасць сістэм ахоўнай сігналізацыі – абавязкова).

З названым вышэй пералікам умоў і дакументаў – будзе прынята заява, якая разглядаецца не больш за 15 рабочых дзён. Выдадзены дазвол будзе сапраўдны на працягу паўгода, з магчымасцю падоўжыць яго яшчэ на паўгода.

Пасля набыцця зброі, яе неабходна ў дзесяцідзённы тэрмін паставіць на ўлік. Парадак пастаноўкі на ўлік будзе растлумачаны пры выдачы дазволу на набыццё зброі.

Па пытаннях, звязаных з абаротам зброі, можна звярнуцца ў дазвольную сістэму Пастаўскага РАУС у дні ажыццяўлення прыёму: серада, пятніца і субота – з 08.00 да 13.00; аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00, або па тэлефоне (802155)-31506.

Па іншых пытаннях, якія тычацца праваахоўнай дзейнасці, Вы можаце звярнуцца да ўчастковага інспектара міліцыі, у тым ліку пры ажыццяўленні прыёму грамадзян штотыднёва па серадах у памяшканнях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (з 17.00 да 20.00 у Пастаўскім РАУС; з 10.00 да 13.00 у сельскіх выканаўчых камітэтах).