Як на Пастаўшчыне даюць другое жыццё пустым дамам
Працоўная паездка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважанага прадстаўніка Кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігара Сергяенкі на Пастаўшчыну пачалася з пытання аб уключэнні ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў. Гэтую няпростую тэму абмяркоўвалі на пасяджэнні райвыканкама.
Маёмасць павінна працаваць
У 2025 годзе ў Пастаўскім раёне планавалася ўключыць у гаспадарчы абарот 41 аб'ект нерухомасці. Гэта будынкі, памяшканні, гаспадарчыя пабудовы, якія па розных прычынах не выкарыстоўваліся або выкарыстоўваліся неэфектыўна. Па кожным аб'екце былі прыняты рашэнні аб продажы праз аўкцыён. Таргі праводзіліся рэгулярна. У выніку ўдалося ўключыць у абарот 5 аб'ектаў. Дадаткова было рэалізавана буйное памяшканне плошчай больш за 550 квадратных метраў у райцэнтры. Агульная сума ад продажаў невыкарыстоўваемых аб'ектаў склала амаль 650 тысяч рублёў.
Паступленні ў бюджэт раёна ад рэалізацыі маёмасці склалі 185 працэнтаў да ўзроўню мінулага года.
Асобны напрамак – арэнда. На пачатак 2026 года ў арэндзе знаходзіцца больш за 5 тысяч квадратных метраў камунальнай уласнасці. Значная частка плошчаў перададзена суб'ектам малога і сярэдняга бізнесу. За год арэндная плата склала амаль 200 тысяч рублёў.
Паказальны прыклад – будынак былой лазні ў цэнтры Пастаў. Новы ўладальнік – ТАА «Вудман» мае намер стварыць тут шматфункцыянальны гандлёвы комплекс, які вельмі патрэбны гораду. Праект прадугледжвае і стварэнне новых працоўных месцаў. Такім чынам, пустуючы будынак атрымае новае жыццё.
Увага – сельскай мясцовасці
Асаблівая ўвага на пасяджэнні была нададзена працы з пустуючымі дамамі ў сельскай мясцовасці.
З 2023 года ў рэестр пустуючых дамоў уключана 363 дамы. Больш за палову з іх ужо выключаны – адны знесены, іншыя прададзены, трэція прыведзены ўладальнікамі ў належны стан.
За мінулы год у гаспадарчы абарот уключана 62 дамы пры даведзеным заданні 51. 35 дамоў знесены, 27 прададзены, прычым 23 дамы прададзены за адну базавую велічыню. Такі механізм дазваляе не проста пазбаўляцца ад старых будынкаў, але і прыцягваць новых жыхароў.
Найбольш актыўна дамы прадаваліся ў прыгарадных сельсаветах. Адзін з прыкладаў – прадастаўленне зямельнага ўчастка без спагнання платы ў аграгарадку Юнькі, фактычна прыгарадзе Пастаў. Тут маладая сям'я набыла ўчастак, дзе раней быў знесены стары дом і на яго месцы пабудавала новае жыллё. Сёння тут зноў гарыць святло ў вокнах.
Праблемы прыгранічча
Пастаўскі раён – прыгранічны. І гэта накладае сваю спецыфіку. У многіх вёсках уладальнікі або спадчыннікі дамоў пражываюць у Літве. Сувязь з імі часта абцяжарана. Накіраваныя паведамленні застаюцца без адказу. Гэта ўскладняе юрыдычную працэдуру прызнання дамоў пустуючымі.
Па стане на пачатак года ў рэестры лічыцца 165 пустуючых дамоў. Больш за 100 з іх ужо прызнаны падлягаючымі зносу, аднак сродкаў на правядзенне ўсіх работ недастаткова. У 2026 годзе на знос прадугледжана 90 тысяч рублёў. Гэтага хопіць прыкладна на 30 аб'ектаў.
У першую чаргу ўвага будзе нададзена Лынтупскаму, Камайскаму і Курапольскаму сельсаветам, дзе сканцэнтравана найбольшая колькасць пустуючых будынкаў у памежнай зоне.
– У дадзеным пытанні неабходна выканаць разумны баланс інтарэсаў чалавека і дзяржавы, – адзначыў Ігар Сергяенка.
Праца на перспектыву
У 2026 годзе раён плануе ўключыць у гаспадарчы абарот 36 аб'ектаў нерухомасці і 66 пустуючых дамоў. Сем аб'ектаў уключаны ў план упершыню – сярод іх будынак былога дзіцячага сада, складскія памяшканні, лазня ў аграгарадку Парыж.
Пастаўлена задача больш актыўна інфармаваць патэнцыяльных пакупнікоў, размяшчаць фатаграфіі аб'ектаў на сайце райвыканкама, пашыраць працу праз інтэрнэт-пляцоўкі.
Па выніках пасяджэння работа профільных службаў за 2025 год прызнана здавальняючай. Разам з тым акцэнт зроблены на ўзмацненні кантролю, паскарэнні афармлення дакументаў і персанальнай адказнасці кіраўнікоў.
Каб дамы не пуставалі
Ігар Сяргеенка прыняў удзел у раённым сходзе «Пастаўшчына працоўная», прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
Падводзячы вынікі дня, Ігар Сяргеенка адзначыў:
– Сёння было праведзена некалькі мерапрыемстваў, у тым ліку адкрытае пасяджэнне райвыканкама, на якім разглядалася важнае пытанне – уключэнне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці і знос пустуючых і старых дамоў. Тэма важная для ўсіх сельскіх раёнаў нашай краіны. У Пастаўскім раёне гэтая работа арганізавана і вядзецца на прымальным узроўні. Узнікаюць пытанні аб спрашчэнні работы ў сувязі з доўгім пошукам патэнцыяльных уласнікаў жылля. Каб заканадаўчыя ініцыятывы, якія сёння разглядаюцца ў парламенце, былі рэалізаваны, неабходна прыцягнуць тых, хто займаецца гэтай работай на зямлі – землеўпарадкавальныя службы, сельскія Саветы.
За сухімі лічбамі – лёсы вёсак. Кожны прададзены дом – гэта шанец для новай сям'і, а адноўлены будынак – гэта крок да развіцця вёскі.