Да 33-годдзя Віцебскай мытні прымеркавалі запуск першага ў вобласці МІДК
Комплекс змантаваны на базе шасі аўтамабіля МАЗ. Выбар айчыннага брэнда абумоўлены не толькі падтрымкай вытворцы, але і прагматызмам: гэта істотна змяншае кошт абслугоўвання тэхнікі і спрашчае рамонт дзякуючы даступнасці запчастак і сэрвіснай сеткі.
МІДК прызначаны для бескантактавага дагляду грузаў і транспартных сродкаў. Для гэтага прымяняецца найноўшая тэхналогія візуалізацыі з дапамогай папераменнай генерацыі імпульсаў нізкаэнергетычнага і высокаэнергетычнага выпраменьвання, што дазваляе рэалізаваць функцыю распазнавання груп рэчываў для павышэння эфектыўнасці аналізу малюнкаў. МІДК распазнае арганічныя і неарганічныя рэчывы, металы і маркіруе іх пэўнымі колерамі.
Гэта дазваляе хутка і бяспечна выяўляць кантрабанду і тавары, не пазначаныя ў дэкларацыі, дзякуючы чаму час мытнага агляду скараціўся да 10 хвілін, што значна паскарае працэс мытнага афармлення.
Курыраваць гэты высокатэхналагічны кірунак даверылі Уладзіславу Ануфрыеву. Ён нарадзіўся ў Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці, а ў 2022 годзе скончыў у г. Гомелі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «мытная справа». Як мэтавы накіраванец, адразу пасля выпуску прыступіў да службы ў Віцебскай мытні.
Працу пачаў у аддзеле мытных аперацый і кантролю Аршанскага мытнага поста. За час службы праявіў сябе як адказны і ініцыятыўны супрацоўнік. Кар'ерны рост ішоў паступова: ад інспектара да галоўнага інспектара. Калі спатрэбіўся спецыяліст для працы з новым МІДК, выбар паў на Уладзіслава — ён ужо меў неабходны вопыт і зарэкамендаваў сябе з лепшага боку. Цяпер ён займае пасаду намесніка начальніка аддзела правядзення аперацый мытнага кантролю.
Кіраўніцтва мытні разумее: каб супрацоўнік эфектыўна працаваў, ён павінен быць упэўнены ў заўтрашнім дні. Жыллё для маладых спецыялістаў - пытанне заўсёды актуальнае і знаходзіцца на асаблівым кантролі. Дзякуючы кіраўніцтву Аршанскага райвыканкама жыллёвае пытанне было вырашана: для Уладзіслава выдзелена арэнднае жыллё - камфартабельная аднапакаёвая кватэра ў горадзе Оршы.
Сімвалічна, што ключы ад кватэры Уладзіслаў атрымаў напярэдадні Дня ўтварэння мытні.
Гісторыя Уладзіслава пацвярджае: сістэма падтрымкі маладых кадраў у мытні рэальна працуе. У кожнага маладога чалавека ёсць такі шанец рэалізаваць сябе. Калі вы дасягнулі 18 гадоў, валодаеце высокімі маральнымі і дзелавымі якасцямі, хочаце служыць інтарэсам дзяржавы і процідзейнічаць трансгранічнай злачыннасці – мы будзем рады бачыць вас у нашых шэрагах!
Па матэрыялах Віцебскай мытні