Кірмаш бяспекі ў Паставах
У рамках акцыі «Адзіны дзень бяспекі» на гарадской плошчы Пастаў сабраліся экстранныя службы горада, а таксама арганізацыі, якія актыўна праводзяць прапаганду бяспечнага і здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, такія як БРСМ і Чырвоны Крыж, каб правесці «Кірмаш бяспекі» для жыхароў і гасцей горада.
Работнікі Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з супрацоўнікамі Пастаўскага РАУС, медработнікамі пункта хуткай дапамогі Пастаўскай ЦРБ, аварыйнай службай газазабеспячэння Пастаўскага раёна, Пастаўскім вадалазна-выратавальным атрадам станцыі «ОСВОД», валанцёрамі БРСМ і Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ажыццявілі работу інтэрактыўна-забаўляльных пляцовак, якія ўключалі ў сябе забавы і адначасова з гэтым навучанне. Кожны жадаючы мог выпрабаваць свае веды ў розных сферах дзейнасці экстранных службаў, зарабіць у сваю скарбонку новыя навыкі, адпрацаваць практычнае прымяненне ўменняў, а за праяўленую адвагу атрымаць карысныя прызы. Дзеці і бацькі з радасцю акунуліся ў свет бесклапотнасці і бяспекі ў коле столькіх экстранных службаў, рабілі памятныя фота.
Увазе гасцей мерапрыемства была прадстаўлена аварыйна-выратавальная тэхніка і абсталяванне экстранных службаў горада Пастаўскага раёна. Дзе кожны мог вывучыць прафесійнае абсталяванне, прымерыць абмундзіраванне, захаваўшы момант на доўгую памяць.