Вынікі работы рэгіёна ў Год добраўпарадкавання абмеркавалі ў Віцебску
Як спрацаваў паўночны рэгіён, і якія мерапрыемствы па навядзенні парадку выкананы ў 2025-м – тэма стала адной з ключавых у парадку дня пасяджэння Віцебскага аблвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Аляксандра Рагожніка.
Аб выніках далажыў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Раман Калца. Ён нагадаў, што мінулы год быў першым у пяцігодцы якасці, а асноўным напрамкам у рабоце стала навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Адпаведныя мерапрыемствы ў рэгіёне праводзяцца штогод. Развіваецца сацыяльная, транспартная інфраструктура, вырашаюцца пытанні экалагічнай бяспекі, развіцця сістэмы абыходжання з адходамі і інш.
Населеныя пункты ў 2025-м працягнулі пераўтварацца: у іх актыўна праводзілі азеляненне, рамантавалі вулічна-дарожную сетку. Ажыццяўляўся знос пустуючых і старых дамоў. Вялікая ўвага была нададзена забеспячэнню работы сістэм пітнога водазабеспячэння, асвятленню вуліц, а таксама ўладкаванню спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак.
Сярод прыярытэтаў – навядзенне парадку на тэрыторыях сельскагаспадарчых арганізацый і вытворчых аб'ектаў.
Перад паўночным рэгіёнам на 2025-ы стаялі напружаныя задачы. Па шэрагу паказчыкаў трэба было выканаць на 10-15% больш, чым у папярэднім годзе.
Раман Калца падкрэсліў, што план мерапрыемстваў быў зацверджаны рашэннем аблвыканкама № 212 «Аб правядзенні Года добраўпарадкавання» і ўключаў 88 пазіцый. Мерапрыемствы выкананы, на працягу года ўносіліся карэкціроўкі па павелічэнні заданняў. Акрамя таго, план быў дапоўнены.
У населеных пунктах высаджана больш за 41 тыс. дрэў і 29 тыс. кустоў, уладкавана і адрамантавана 25 га газонаў. Нарматыўны ўзровень азелянення ў 40% дасягнуты ва ўсіх гарадах рэгіёну.
Праводзілася работа па санітарнай ачыстцы вадацёкаў і вадаёмаў, рамонце і ўладкаванні спартыўных пляцовак. На такіх аб'ектах устаноўлена і адрамантавана 118 малых архітэктурных форм, устаноўлена 82 кантэйнеры для збору адходаў. Уладкавана 14 крыніц.
– Выкананы планавыя заданні па ліквідацыйным тампанажы свідравін, – дадаў Раман Калца. – Таксама выкананы работы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка Сасноўскага на плошчы больш за 4,5 тыс. га з улікам паўторных работ. Асаблівую ўвагу ў 2026 годзе неабходна надаць рабоце па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага найбольш інвазіраваным раёнам: Браслаўскаму, Віцебскаму, Гарадоцкаму, Аршанскаму, Талачынскаму, Ушацкаму.
Што датычыцца ляснога фонду, то на яго тэрыторыі створана 18 новых экалагічных сцежак. Праведзены санітарныя рубкі на 5,5 тыс. га і расчыстка больш за 935 га ад ветравальна-бураломных насаджэнняў.
Добрыя дарогі – гэта лагістыка, патэнцыял для эканамічнага развіцця рэгіёну, бяспека і камфорт для перамяшчэнняў мясцовых жыхароў і турыстаў. У мінулым годзе ў вобласці праведзены бягучы рамонт рэспубліканскіх аўтадарог працягласцю 268 км. Тэрыторыю побач з транспартнымі артэрыямі ўпрыгожылі больш за 80 малых архітэктурных форм. Для падтрымання чысціні і парадку ўздоўж аўтадарог было ўстаноўлена звыш чатырох дзясяткаў кантэйнераў для збору адходаў.
На станцыях і прыпыначных пунктах чыгунак адрамантавана восем пасажырскіх платформаў і дзесяць прыпыначных пунктаў.
Вялікая ўвага надаецца і сістэме абыходжання з адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Будуюцца і мадэрнізуюцца смеццесартавальныя комплексы, укараняюцца новыя метады і тэхналогіі выкарыстання ЦКА і г.д. Па дадзеных на пачатак студзеня ў вобласці эксплуатуецца 22 палігоны цвёрдых камунальных адходаў, 6 закрыты.
У эксплуатацыю ўведзены Наваполацкі рэгіянальны комплекс па абыходжанні з ЦКА, у сувязі з чым палігоны цвёрдых камунальных адходаў Наваполацка і Ушачаў падлягаюць закрыццю.
У агульнай складанасці ў рэгіёне гар- і райвыканкамы распрацавалі і зацвердзілі 23 схемы абыходжання з камунальнымі адходамі для ўсіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у тым ліку садоўніцкіх таварыстваў і гаражных кааператываў. Дагаворы на выдаленне адходаў заключылі больш за 77% зарэгістраваных у Віцебскай вобласці садоўніцкіх таварыстваў і каля 84% гаражных кааператываў.
– У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы, Урада і захавання заканадаўства абыходжання з адходамі неабходна прыняць меры па распрацоўцы і рэгулярнай актуалізацыі схем, а таксама прыняць меры па забеспячэнні стопрацэнтнага заключэння дагавораў, – звярнуў увагу Раман Калца і дадаў, што найбольш частым парушэннем заканадаўства аб абыходжанні з адходамі з'яўляецца іх размяшчэнне па-за санкцыянаванымі месцамі (1,3 тыс. фактаў у мінулым годзе).
Работа па кожным з напрамкаў будзе працягнута.
На пасяджэнні таксама абмеркавалі вынікі работы галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення.