Інтэрнэт-махляры
Апошнім часам інтэрнэт-махляры ўсё часцей крадуць грошы з банкаўскіх картак. Гэта становіцца магчымым таму, што самі пацярпелыя паведамляюць рэквізіты картак.
Гэтая праблема не абмінула і наш раён. Толькі за мінулы перыяд 2019 года зарэгістравана 5 фактаў, калі грамадзяне добраахвотна прадастаўлялі звесткі зламыснікам аб сваіх банкаўскіх картках, і як вынік пазбаўляліся грашовых сродкаў, якія знаходзіліся там.
Звычайна зламыснікі пачынаюць размову так: «У цябе банкаўская картка ёсць?», «Якога банка ў цябе картка?», «Мне сімку забанілі, дапамажы аднавіць» ці «Тэрмін дзеяння маёй карткі скончыўся, а трэба тэрмінова аплаціць паслугі». Ёсць людзі, якія «клююць» на гэтыя хітрасці.
У многіх выпадках цяжка ўстанавіць тых, хто выкраў грошы.
У асноўным, узломшчыкі знаходзяцца за мяжой, па большай частцы ў Расіі. У гэтых схемах дзейнічае не адзін чалавек, а група, таму што грошы выкрадаюцца ў вельмі кароткі перыяд часу.
Чалавек паведамляе камусьці дадзеныя сваёй карткі, а ўжо праз 10 хвілін грошай на ёй няма.
Грошы звычайна перасылаюцца на такія плацежныя рэсурсы, як электронныя кашалькі, а з іх сродкі можна хутка раскідаць на любыя плацежныя сэрвісы. Адсачыць іх шлях вельмі складана.
Як засцерагчы сябе ад крадзяжу грошай праз Інтэрнэт?
1. Самае галоўнае – ніколі, нікому і ні пад якім выглядам не перадавайце нумар сваёй банкаўскай карты, а таксама нумар ахоўнага кода сваёй карткі. Калі вам піша ваш знаёмы, сябар ці блізкі чалавек, якому сапраўды неабходна дапамога, ператэлефануйце яму і пераканайцеся, што вам піша сапраўды ён. У любым выпадку не перадавайце вашы асабістыя дадзеныя банкаўскіх карт праз сацыяльныя сеткі;
2. У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ёсць такая функцыя, як дадатковы ўзровень бяспекі. Зайдзіце ў налады і скарыстайцеся ёй. Тады, калі вашу старонку паспрабуюць узламаць, вам прыйдзе апавяшчэнне на мабільны тэлефон;
3. Падключыце функцыю 3D-Secure – дадатковы пароль для абароны вашай карткі пры любых пакупках у Інтэрнэце. У банку вам растлумачаць, як гэта зрабіць. Калі яна падключана, то для здзяйснення плацяжу ў Інтэрнэце спатрэбіцца ўвесці спецыяльны код (часцей за ўсё банк дасылае яго ў смс). Без гэтага кода грошы з вашай карткі не здымуць.
Што ж пагражае за такога роду махлярства?
Частка 2 артыкула 212 КК РБ «Крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі» - крадзеж маёмасці, спалучаны з несанкцыянаваным доступам да камп'ютарнай інфармацыі, – караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
Выкананне названых вышэй простых рэкамендацый, а таксама ваша ўласная пільнасць, дапамогуць Вам засцерагчы свае фінансавыя сродкі.
Калі ж вы сталі ахвярай махляроў, паведаміце пра гэта ў Пастаўскі РАУС па тэл. 102 альбо 4-10-02, маб. тэл. 510-29-45 МТС.
Начальнік Пастаўскага РАУС
палкоўнік міліцыі А.М. Гарус
20.03.2019