Электраабагравальнікі
Нягледзячы на тое, што цяпло ўжо далі, некаторыя ствараюць камфортную для сябе тэмпературу пры дапамозе электрычных абагравальнікаў. Да іх звяртаюцца для абагрэву дачных дамоў, гаражоў або памяшканняў, дзе ацяпленне адсутнічае зусім.
Першае, пра што трэба памятаць, выбіраючы абагравальнік, гэта якасць тавару з вытворчай гарантыяй прыбора. Устрымайцеся ад набыцця электраабагравальнікаў на рынках, у часовых кіёсках і тым больш з рук. Уважліва азнаёмцеся з тэхнічнымі характарыстыкамі і ўсімі належнымі дакументамі. Агледзіце сам абагравальнік – на ім не павінна быць увагнутасцей, пашкоджанняў і рэзкіх пахаў.
Незалежна ад таго, выбралі вы падлогавы або насценны абагравальнік, размяшчацца ён павінен у адпаведнасці з інструкцыяй па эксплуатацыі, на адлегласці мінімум паўметра ад гаручых прадметаў. Пры размяшчэнні электрычнага абагравальніка ў раёне акна неабходна выключыць накрыванне яго шторамі, якія могуць нагрэцца і загарэцца. Падлогавыя абагравальнікі павінны быць устаноўлены на цвёрдую роўную паверхню.
Яшчэ адзін немалаважны момант – гэта непасрэднае падключэнне электраабагравальніка ў сетку. Пры ўключэнні абагравальніка варта памятаць пра тое, што ён з'яўляецца абсталяваннем высокай магутнасці, таму падключаць абагравальнік варта ў стацыянарную разетку, каб выключыць перагрузку электраправодкі і яе замыканне.
Як любы электрапрыбор, абагравальнік патрабуе асцярожнага абыходжання. Першае, што трэба зрабіць перад пачаткам эксплуатацыі – гэта ўважліва азнаёміцца з інструкцыяй па эксплуатацыі.
Ніколі не пакідайце ўключаны электраабагравальнік без нагляду, у тым ліку на ноч, не выкарыстоўвайце іх для сушкі рэчаў.
Пацвярджэннем гэтага правіла стаў пажар, які адбыўся ў красавіку 2019 года, таксама ў дачным доме на тэрыторыі Віцебскага раёна. Гаспадыня, уключыўшы абагравальнік, пайшла на ўчастак. У выніку пажару цалкам знішчаны гаспадарскі дачны дом. А ў суседнім доме па ўсёй плошчы пашкоджаны дах, столевае перакрыцце сцены і маёмасць, якая знаходзілася ў доме.
· не дазваляйце дзецям гуляць з электраабагравальнікамі або каля іх;
· рэгулярна чысціце абагравальнік ад пылу, папярэдне адключыўшы яго з сеткі і даўшы астыць.
· важна памятаць, што ў кожнага прыбора ёсць свой тэрмін эксплуатацыі. Выкарыстанне звыш устаноўленага тэрміну можа прывесці да сумных наступстваў;
· сачыце за тым, каб вілкі і разеткі не награваліся – гэта першая прыкмета няспраўнасці электрапрыбора або перагрузкі сеткі;
· сачыце за станам абагравальнага прыбора: своечасова рамантуйце і замяняйце дэталі, калі яны выйшлі са строю;
· выкарыстоўвайце прыборы, вырабленыя толькі прамысловым спосабам. Нельга выкарыстоўваць пашкоджаныя, самаробныя электраабагравальнікі;
· не размяшчайце сеткавыя правады абагравальніка пад дываны і іншыя пакрыцці, не стаўце на правады цяжкія прадметы (напрыклад, мэблю)
· гэта можа прывесці да пашкоджання ізаляцыі.
Правіл, вядома, шмат, але запомніць іх неабходна, бо ад гэтага залежыць Ваша бяспека.
МНС нагадвае: пры ўзнікненні любой надзвычайнай сітуацыі неабходна тэрмінова выклікаць службу выратавання па тэлефоне 101 або 112.