Электраабагравальнік: шэсць парад ад МНС, якія вы павінны прачытаць прама зараз
Халодныя вечары цяжка ўявіць без электраабагравальніка – зручнай, практычнай і магутнай прылады, якая дапамагае з лёгкасцю сагрэць дом ці кватэру. З кожным годам асартымент электранагравальных прыбораў толькі павялічваецца, а тэндэнцыя парушэнняў правіл бяспекі пры іх выкарыстанні – захоўваецца.
Пажары – рэч нярэдкая ў халодную пару года. Традыцыйна пачатак ацяпляльнага сезона суправаджаецца закапчонымі (у лепшым выпадку) дамамі, зламанымі лёсамі і нават гібеллю людзей. Здавалася б, пры чым тут абагравальнік? Куды ўжо прасцей: цяжкі корпус, пара кнопак ды шнур. Сам абагравальнік наўрад ці загарыцца або выбухне, але даставіць праблем, у і так мінорную пару года, яму пад сілу. У гэтым матэрыяле мы раскажам, як не прайграць сутычку з холадам і захаваць свой хатні ачаг у бяспецы.
1. Трэба прачытаць інструкцыю.
Так, трэба прачытаць той пыльны і забыты дакумент, які звычайна большасць уладальнікаў новай тэхнікі так і не адкрыла. Мануал па выкарыстанні тэхнікі дазволіць не толькі атрымаць веды аб правільным выкарыстанні электраабагравальніка, але і дапаможа прадухіліць альбо выявіць няспраўнасці.
2. Лепш забудзьцеся пра ідэю выкарыстання самаробнага або няспраўнага электраабагравальніка.
Самаробныя абагравальнікі займаюць лідзіруючыя радкі ў прычынах пажараў. «Ачумелыя ручкі» лепш прымяніць да больш бяскрыўдных прыбораў, а прывідная эканомія можа выліцца ў рамонт дома або кватэры.
Таксама недапушчальна выкарыстанне няспраўных электраабагравальнікаў. Перад выкарыстаннем тэхніку лепш праверыць: ці не зламаная ножка або мацаванне, ці няма пашкоджання ізаляцыі на дроце. Гэтую працу лепш даверыць прафесіяналам, але правяраць тэхніку можна і самастойна. Справа адной хвіліны, а ў будучыні яна вам захавае жыллё, здароўе і каштоўны час.
3. Абагравальнік і лёгкаўзгаральныя матэрыялы як залог пажару.
Рэкамендуецца ўсталёўваць прыбор не менш чым у 50 сантыметрах ад лёгкаўзгаральных матэрыялаў. Мэбля, шторы, дзіцячыя цацкі, скрынкі, кнігі могуць паслужыць выдатным аб'ектам для пачатку пажару ў кватэры. Думаем, што пра лакі, фарбы, бензін або газавыя балоны і казаць не трэба.
4. Абагравальнік нельга накрываць.
Сушыць рэчы на абагравальніку – дрэнная ідэя. У старых мадэлях існавала верагоднасць узгарання пры судотыку з тканінай, а ў новых пажар можа ўзнікнуць з-за нагрэву. Калі вытворца ў інструкцыі запэўнівае, што «ўсё пад кантролем» і пагрозы пажару няма – памятайце, што ўсе абагравальнікі з'яўляюцца бытавым прыборам падвышанай небяспекі. Хоць ён і робіць нашы дні крыху цяплей, але заўсёды ёсць верагоднасць, што верны сябар можа здрадзіць.
5. Заўсёды сачыце за абагравальнікам.
Нават калі вы збіраецеся ў краму ці да суседзяў, абавязкова выключыце ўсе прыборы, а тым больш – абагравальнік. Пажадана таксама выняць вілку з разеткі.
Засыпаць з уключаным электраабагравальнікам катэгарычна забаронена, тым больш побач з пасцеллю або іншымі гаручымі прадметамі інтэр'еру. Эканомце электрычнасць і вазьміце коўдру цяплей.
6. Абагравальнік не цацка
Нельга дазваляць дзецям самастойна карыстацца такім прыборам. Не заўсёды дарослыя могуць выкарыстоўваць электраабагравальнік правільна, выконваючы тэхніку бяспекі. А пра дзяцей і гаворкі ісці не можа, бо дзіця не разумее, што гэта не цацка. Дзеці могуць выпадкова накрыць прыбор, пакласці на яго цацкі, упусціць на яго штосьці або абпаліцца. З вялікай асцярожнасцю выкарыстоўвайце электранагравальныя прыборы ў дзіцячых пакоях і катэгарычна забараняйце дзецям самастойна ўключаць або выключаць электрапрыборы!
P.S. Часта функцыі абагравальнікаў перакладаюць на газавыя пліты. Людзі ўключаюць канфоркі і нават не задумваюцца пра сумныя наступствы. Гэта небяспечна: у любы момант можа адбыцца збой у падачы газу, ці проста скразняк патушыць агонь. У выніку, акрамя атручвання, існуе верагоднасць выбуху назапашанага газу.