Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы
VIII Міжнародны эканамічны Форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы." 16-17 мая 2019 года
16 – 17 мая 2019 года Віцебская вобласць прыме гасцей VIII Міжнароднага эканамічнага форуму "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы." (далей – Форум, спасылкі на сайт Форуму: http://iipvit.by).
Стварэнне і прасоўванне інавацыйных тэхналогій, рэалізацыя сумесных інвестыцыйных праектаў, вытворчасць высокатэхналагічнай, арыентаванай на экспарт прадукцыі – традыцыйныя ключавыя тэмы Форуму.
Асаблівая ўвага ў дзелавой праграме Форуму нададзена тэме "Імпартазамяшчэнне" – як асноўнаму інструменту развіцця эканомікі рэгіёну.
У працы Форуму плануецца ўдзел дэлегацый замежных рэгіёнаў-партнёраў, лепшых кампаній, гандлёвых прадстаўніцтваў і дыпламатычнага корпуса. Запрошаны прадстаўнікі Урада Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх і абласных органаў выканаўчай улады, дзяржаўныя аб'яднанні, бізнес-супольнасці.
Даведачна: У 2018 г. у Форуме прынялі ўдзел больш за 130 замежных прадстаўнікоў бізнесу і ўлады, 11 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і 13 краін свету: Казахстан, Малдова, Украіна, Расійская Федэрацыя, Латвійская Рэспубліка, Літоўская Рэспубліка, Славацкая Рэспубліка, Таджыкістан, Сацыялістычная Рэспубліка В'етнам, Дзяржава Ізраіль, Рэспубліка Польшча, Кітайская Народная Рэспубліка, Турцыя.
Наш Форум хутка развіваецца. У бягучым годзе чакаецца павелічэнне колькасці як рэгіёнаў-удзельнікаў, так і колькасці дэлегацый. Ад форуму да форуму памнажаюцца тэмы абмеркавання, пашыраецца геаграфія, расце колькасць удзельнікаў і ўсё больш прыцягвае ўвагу бізнесу з мэтай прасоўвання інвестыцыйных праектаў, пошуку новых перспектыўных напрамкаў кааперацыі, абмену вопытам у выкарыстанні высокіх тэхналогій ва ўсіх асноўных сферах – вытворчай, адукацыйнай, турыстычнай і іншых.
Будуць арганізаваны разнапланавыя выставачныя экспазіцыі, дзе раёны і гарады вобласці традыцыйна прадставяць свае дасягненні ў сферы выкарыстання інвестыцый і інавацый з улікам сваіх асаблівасцей развіцця, прадэманструюць эканамічны і турыстычны патэнцыял. Лепшыя прадпрыемствы і арганізацыі вобласці прадэманструюць свае распрацоўкі і прадукцыю ў "Інавацыйнай зоне", узоры імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі.
Упершыню ў рамках Форуму будзе арганізавана праца замежнага павільёна тавараў, паслуг і праектаў, дзе замежныя рэгіёны-партнёры прадставяць лепшыя кампаніі і іх распрацоўкі. Асобна будзе прадстаўлена харчовая прадукцыя, якая карыстаецца нязменным попытам за мяжой. Госці змогуць правесці яе дэгустацыю і ацаніць па вартасці.
Бізнес зможа правесці перамовы і пазнаёміцца з дасягненнямі на дэманстрацыйных пляцоўках: "IТ-зона"; "Інавацыйнае абсталяванне і тэхніка"; "Кластары і іх роля ў развіцці інавацыйнай эканомікі".
Удзельнікам форуму будзе прапанавана прэзентаваць свае рэгіёны і кампаніі, абмеркаваць праблемныя пытанні, абмяняцца меркаваннямі ў рамках панэльных дыскусій з вопытнымі мадэратарамі: "Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Вопыт і перспектывы.", "Электронныя гандлёвыя пляцоўкі для бізнесу", "Энергазберажэнне ў прамысловасці і будаўніцтве", "СЭЗ – перспектыўныя пляцоўкі рэалізацыі праектаў", "Аршанскі рэгіён – тэрыторыя для бізнесу", "Вопыт і перспектывы міжрэгіянальнага турызму".
Па выніках працы панэльных дыскусій удзельнікі змогуць правесці перамовы на кантактна-кааперацыйнай біржы. Вынікам стане падпісанне пратаколаў аб намерах, дагавораў, кантрактаў, міжрэгіянальных пагадненняў.
Даведачна: па выніках Форуму 2018 года падпісаны 6 пагадненняў аб супрацоўніцтве з мэтай умацавання ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сацыяльна-эканамічнай сферы.
Праца Форуму працягнецца два дні, што дазваляе ўдзельнікам наведаць найбольш значныя і перспектыўныя з пункту гледжання супрацоўніцтва аб'екты на тэрыторыі вобласці па інтарэсах і напрамках, больш дэталёва азнаёміцца з эканамічным і турыстычным патэнцыялам раёнаў і гарадоў.
Вобраз будучыні Віцебскага рэгіёну – гэта і чалавечы капітал, і веды, якія здольныя пераўтварыць эканоміку і стаць яе галоўнай каштоўнасцю. Аснова чалавечага капіталу, яго "інавацыйны складнік" – моладзь, якая актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Форуму і правядзе маладзёжны конкурс прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі.
Гасцей чакаюць не толькі дыскусіі, прэзентацыі, выставы, але і шырокая культурная праграма. На пляцоўцы Форуму будзе працаваць выстава-кірмаш "Арт-Авангард", шэраг канцэртаў будзе забаўляць гасцей Форуму. Для тых, хто наведвае Форум упершыню, прадугледжана знаёмства з асноўнымі гістарычнымі і культурнымі аб'ектамі "Паўночнай сталіцы". Месцам правядзення асноўных мерапрыемстваў Форуму стане комплекс Летняга амфітэатра і прылеглая тэрыторыя (г. Віцебск, праспект Фрунзэ, 13А).
Запрашаем Вас прыняць удзел у мерапрыемствах VIII Міжнароднага эканамічнага форуму "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы." і знайсці партнёраў для рэалізацыі Вашых бізнес-ідэй!
РБ, 210015, г. Віцебск, праезд Гогаля, 5
+375(212) 42 61 62
+375(212) 24 63 16