Дом рамесніка ў Паставах, пабудаваны ў 1770 годзе, прададзены на аўкцыёне
Будынак быў пабудаваны ў 1770-х гадах як дом рамесніка і мае статус аб'екта гісторыка-культурнай каштоўнасці, уяўляючы сабой помнік жылой архітэктуры ў стылі барока.
Дом рамесніка планава быў падзелены на дзве часткі ‒ на вытворчую і жылую.
Ён з'яўляецца часткай архітэктурнага ансамбля былой Рыначнай плошчы ў горадзе Паставы, які быў створаны па ініцыятыве тагачаснага ўласніка Пастаў, падкаморнага (міністра фінансаў) Вялікага Княства Літоўскага ‒ Антонія Тызенгаўза, які ў той час разгарнуў тут горназдабыўную і прамысловую дзейнасць. Будаўніцтва вялося па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака.
Будынак прапаноўваўся да продажу са зніжэннем пачатковай цаны продажу на 80% ‒ за 21155 рублёў. На гэтую цану знайшлося тры пакупнікі. У ходзе таргоў цана ўзрасла да 51830 рублёў.
Новым уласнікам стала мясцовае вытворчае прадпрыемства з Пастаў, якое займаецца комплекснай апрацоўкай металаў.
Дом рамесніка ў Паставах стаў другім аб'ектам са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці з прададзеных камітэтам у гэтым годзе. Раней новага ўласніка знайшоў былы кляштар бернардзінцаў у Дуброўне.
У цяперашні час камітэтам прапануюцца да продажу яшчэ 6 аб'ектаў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта ‒ будынак кляштара кармелітаў у Глыбокім, будынак спіртзавода ў аг. Полымя Сенненскага раёна, паштовая станцыя в. Пагрэбенка Сенненскага раёна, кузня ў аг. Двор-Нізгалава Бешанковіцкага раёна, сядзібныя дамы ў в. Галашэва Талачынскага раёна і ў в. Новае жыццё Ушацкага раёна.
Аўкцыёны па дадзеных аб'ектах прызначаны камітэтам на студзень месяц. Можна адзначыць, што ўсе аб'екты прапануюцца да продажу за адну базавую велічыню. Абавязковая ўмова продажу ‒ гэта іх аднаўленне.