Дэпутаты абласнога Савета адобрылі бюджэт Віцебскай вобласці і зацвердзілі Інвестыцыйную праграму
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што пяцігодка, якая заканчваецца, была часам кардынальных змяненняў знешнеэканамічнай абстаноўкі, фарміравання новай глабальнай рэальнасці. Прадпрыемствам вобласці даводзілася шукаць альтэрнатыўныя шляхі: ад паставак сыравіны да маркетынгавай стратэгіі, дамаўляцца з новымі партнёрамі, выбудоўваць новую лагістыку, аптымізаваць задачы, каб захаваць канкурэнтаздольнасць як на знешнім, так і ўнутраным рынках.
– Вобласць завяршае 2025 год са станоўчай дынамікай у будаўнічай і транспартнай галінах, рознічным гандлі і грамадскім харчаванні, экспарце паслуг, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – У бягучым годзе выкананы ключавыя паказчыкі матрыцы задач па заработнай плаце, сукупных даходах бюджэту, інвестыцыях, уводзе жылля і вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі.
Паводле ацэнкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта ў дасягненні мэт устойлівага развіцця Віцебшчына ўвайшла ў тройку лідараў (па 79 % аналізаваных паказчыкаў дасягнуты значны прагрэс і высокія вынікі).
Па выніках пяцігодкі ўдалося нівеліраваць адмоўную дынаміку і забяспечыць рост па ключавых параметрах развіцця рэгіёна: валавым рэгіянальным прадукце, аб'ёмах прамысловай вытворчасці без уліку нафтаперапрацоўкі і энергетыкі, вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, рознічным і аптовым тавараабароце, грамадскім харчаванні, пасажыраабароце, інвестыцыях, экспарце тавараў і паслуг.
У рэальным сектары эканомікі рэалізавана больш за
190 інвестыцыйных праектаў, з іх трэць – у малых і сярэдніх населеных пунктах. Створана каля 2,5 тысячы новых працоўных месцаў.
З кожным годам узрастае ўклад у эканоміку вобласці малога і сярэдняга бізнесу, дзе працуе каля 30% агульнай колькасці занятых у эканоміцы.
Развіваецца інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва.
Адкрыты новы інкубатар у Віцебску, пашырыў свае плошчы інкубатар у Оршы, а колькасць рэзідэнтаў інкубатараў за пяцігодку ўзрасла ў 1,5 раза.
Сфарміравана 35 праектаў у рамках даручэння Кіраўніка дзяржавы «Адзін раён – адзін праект», 18 з іх ужо завершаны, створана 485 новых працоўных месцаў. Гэта вытворчасці па выпуску электратэхнічнай прадукцыі ў Браслаўскім раёне, харчовых араматызатараў у Бешанковічах, змазачных алеяў у Глыбоцкім, парфумернай і швейнай прадукцыі ў Докшыцкім раёнах і іншыя.
Прадукцыя з віцебскай маркай пастаўляецца ў 70 краін свету. Асноўным гандлёвым партнёрам вобласці па-ранейшаму застаецца Расійская Федэрацыя. За пяцігодку ў 2 разы павялічаны пастаўкі ў Кітай, актыўна асвойваюцца рынкі Афрыкі (Егіпет, Лівія, Эфіопія, ПАР). Узрос тавараабарот з Узбекістанам, Кыргызстанам.
Асвойваюцца рынкі краін Блізкага Усходу, Паўднёва-Усходняй Азіі. У разы ўзраслі пастаўкі тавараў у Іран, Ірак, Індыю.
За пяцігодку ўведзена больш за 1 млн. 600 тыс. кв. м жылля, а ў бягучым годзе аб'ём жыллёвага будаўніцтва стаў рэкордным для вобласці за апошнія 10 гадоў – 400 тыс. кв.м.
Штогод больш за 2 тысячы сем'яў паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы.
Актыўна развіваліся транспарт, сацыяльная сфера.
У бліжэйшы час будзе прынята пяцігадовая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдзвіння, у якой будуць вызначаны ключавыя задачы, напрамкі развіцця і пункты росту рэгіёна: прамысловасць, сельская гаспадарка, турызм і транспартна-лагістычныя паслугі. На пяцігодку сфарміраваны «пул» з больш чым 450 праектаў, прапрацоўваюцца крыніцы іх фінансавання. Сярод іх – стварэнне сучаснай імпартазамяшчальнай вытворчасці медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў на базе ААТ «Белвітуніфарм», будаўніцтва завода па вытворчасці цэлюлозы ў Наваполацку, завода па вытворчасці перакрыжавана-клееных панэляў у Талачынскім раёне і іншыя.
У планах пяцігодкі – будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў, мадэрнізацыя галіны птушкагадоўлі, рэалізацыя праектаў па будаўніцтве цяпліц (ужо зарэгістравана сумеснае з кітайскім інвестарам прадпрыемства ў Аршанскім раёне).
З 2026 года зменяцца падыходы да будаўніцтва жылля: у прыярытэце будзе ўзвядзенне арэнднага жылля ў рэгіёнах у звязцы са стварэннем новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, павелічэнне аб'ёмаў індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і па дзяржзаказе.
Плануецца ўвесці не менш за 1,2 млн. кв.м жылля, забяспечыць капітальны і бягучы рамонты больш за 5 тыс. км рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог, рэканструкцыю 6 маставых збудаванняў.
Завершыцца будаўніцтва дзіцячага сада ў Лепелі, рэканструкцыя гімназіі № 1 у Віцебску.
На карце вобласці з'явяцца новыя аб'екты сацыяльнай сферы: дзіцячыя сады ў Полацку і мікрараёне Білева Віцебска, школы ў Віцебску і Наваполацку, 4 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Завершыцца будаўніцтва новай паліклінікі ў Полацку, рэканструкцыя Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, адбудзецца адкрыццё міжраённага цэнтра па аказанні медыцынскай дапамогі на базе Глыбоцкай ЦРБ.
Знаёмячы дэпутатаў з праектам бюджэту вобласці на 2026 год, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Яўген Каросцік адзначыў, што галоўны фінансавы дакумент мае ярка выяўленую сацыяльную накіраванасць: 62 працэнты сродкаў запланавана на развіццё сацыяльнай сферы. Прагназуецца, што выдаткі вобласці ўзрастуць у 26-м годзе на 6%, пры гэтым на сацыяльны блок – на 12%. Больш за палову сродкаў на сацыяльны блок «пойдзе» ў галіны адукацыі і аховы здароўя: на аплату працы, выкананне дзяржаўных стандартаў нараўне з фінансаваннем бягучага ўтрымання матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё новага абсталявання. Найважнейшым напрамкам бюджэтнай палітыкі 2026 года стане павышэнне ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый.
Узрастуць выдаткі мясцовага бюджэту на фізічную культуру і спорт, культуру, транспарт.
Прадугледжаны сродкі на рамонт аўтамабільных дарог, запланавана набыццё 2 трамваяў, 17 тралейбусаў, 81 аўтобуса.
Прадстаўленая Інвестыцыйная праграма развіцця вобласці разлічана на тры гады і прадугледжвае фінансаванне будаўніцтва аб'ектаў, у тым ліку выканання праектных і пошукавых работ, а таксама фінансаванне завяршэння будаўніцтва аб'ектаў, уключаных у праграму папярэдніх гадоў. Гэта рэканструкцыя будынка сталовай ДРАЦ «Жамчужына» ў Лепельскім раёне, трамвайных пуцей і кантактнай сеткі па вул. М.Горкага ў Віцебску, узвядзенне спартыўных і аздараўленчых комплексаў у Віцебску, Браславе і Шаркаўшчыне, праектаванне Лядовай арэны і рэканструкцыя музея ў Віцебску, завяршэнне вырабу праектнай дакументацыі на рэканструкцыю Багушэўскага сацыяльнага пансіяната. Усяго на будаўніцтва 193 аб'ектаў Інвестыцыйнай праграмай вобласці плануецца накіраваць каля 310 млн рублёў.