Што рабіць, калі пачулі сігнал «Увага ўсім!»
Стыхійныя бедствы, тэхнагенныя аварыі, прыродныя катастрофы і іншыя катаклізмы... Паменшыць іх трагічныя наступствы можна, бадай, толькі адным спосабам – своечасовым папярэджаннем пра надыходзячую бяду.
Самы распаўсюджаны спосаб апавяшчэння насельніцтва – гэта перадача сігналу «Увага ўсім!». Сігнал рэалізуецца з дапамогай запуску электрасірэн працягласцю 3 хвіліны.
Пачуўшы працяглы «вой» сірэн вы павінны ўключыць радыёпрыёмнік або тэлевізар і праслухаць інфармацыю пра сітуацыю і парадак далейшых дзеянняў, выконваць усе рэкамендацыі, якія прагучалі ў эфіры. Не лішнім будзе перадаць інфармацыю суседзям, бо яны маглі яе не чуць. У выпадку неабходнасці аказаць дапамогу хворым, дзецям і пажылым людзям. Пры гэтым галоўнае – не панікаваць і спыняць любыя праявы панікі.
Калі сігнал застаў вас на працы, трэба перапыніць працоўны працэс. Калі ў гэты момант вы знаходзіліся на вуліцы, неабходна падысці да бліжэйшага вулічнага гучнагаварыцеля, інфармацыйнага светлавога табло і інш. Галоўнае не палохацца гуку сірэн.
«Увага ўсім!» – гэта папераджальны сігнал. Ён падаецца з мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва і наступнага паведамлення пра аварыю, катастрофу, стыхійнае бедства.
Стаць сведкам падобных надзвычайных сітуацый не пажадаеш нікому, але, на жаль, стопрацэнтнай гарантыі таго, што з Вамі гэтага не адбудзецца, даць немагчыма, таму важна ведаць, як паводзіць сябе ў экстрэмальных абставінах. І, самае галоўнае, памятайце, што ваш асноўны вораг – гэта паніка, якая часцей за ўсё прыводзіць толькі да негатыўных наступстваў. Трымайце сябе ў руках, дакладна ацэньвайце абстаноўку і строга выконвайце ўсе рэкамендацыі – у такім выпадку выхад з сітуацыі Вы знойдзеце значна хутчэй!