Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Набярэжная Палац Тызенгаўза Начная набярэжная Паставы ноччу Храм Паставаў
Набярэжная
Набярэжная
Палац Тызенгаўза
Начная набярэжная
Паставы ноччу
Храм Паставаў
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
27 студзеня 2022

Усё добрае – ад людзей

Хто на Пастаўшчыне не ведае Алу Эдмундаўну Кейзік? Яна 20 гадоў з’яўлялася намеснікам старшыні райвыканкама. Курыравала сацыяльную сферу: адукацыю, медыцыну, культуру і інш. І вось ужо 10 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Рашэнне пакінуць работу прыняла, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва раёна і вобласці, цэнячы яе высокія дзелавыя якасці, прапаноўвала падоўжыць кантракт. Перакананая, што паступіла правільна. Але і з выхадам у адстаўку не перастала цікавіцца жыццём людзей, устаноў і прадпрыемстваў, заўсёды ў курсе падзей, што адбываюцца ў раёне. Сёння былы куратар, у тым ліку і сродкаў масавай інфармацыі, — госць рэдакцыі.

— Ала Эдмундаўна, мяне збілі з панталыку віншаванні ў ваш адрас з юбілеем, якія з’явіліся ў «Пастаўскім краі» і сацыяльных сетках у пачатку студзеня. Здаецца, вашым днём нараджэння лічыцца 31 сакавіка. Або я памыляюся?

— Тлумачу: я нарадзілася 6 студзеня на хутары за 2 кіламетры ад вёскі Дзяўгуны. Роды ў мамы прымала дома суседка, бо выехаць з хутара было немагчыма. Як расказвалі бацькі, снегу ў тую зіму намяло роўна са страхой. Каб дайсці да чыгункі, што пралягала побач з хутарам, тата, які працаваў абходчыкам, капаў у снезе тунэль. На свет я з’явілася кволай і хваравітай, жыццё вісела на валаску. Па просьбе бацькоў сваячка зарэгістравала мяне ў Мягунскім сельсавеце толькі 31 сакавіка. Гэта дата і лічыцца днём нараджэння. Але з роднымі я штогод святкую 6 студзеня.

— Якім было дзяцінства хутараначкі?

— Я — позняе дзіця. Нарадзілася, калі маме было ўжо 45, а два старэйшыя браты служылі ў арміі. За бацькамі хадзіла як хвосцік. Дапамагала тату палоць броўку ля чыгуначнага палатна. Разам з мамай ірвала лён, вучылася ўсёй сялянскай рабоце. Калі пайшла ў школу, доўгімі зімовымі вечарамі любімым заняткам у нас было чытанне кніг. Я чытала ўголас, а бацькі слухалі. Асабліва мы любілі казкі. З таго часу і зарадзілася мая вялікая цяга да чытання. А яшчэ мы вельмі любілі з мамай спя­ваць. Яна ведала ўсе песні Зыкінай і сясцёр Фёдаравых, і мы на два галасы спявалі іх.

— А ці пашанцавала на школьных настаўнікаў?

— Вельмі! Вучылася ў янкішскай школе. Асабліва падабаліся Лёнгіна Данатаўна Нафрановіч і Яніна Баляславаўна Пушкар. Яны з’яўляліся для мяне эталонам ва ўсім. Таму ўжо з 1 класа вырашыла, што стану настаўніцай. У школе спевы вёў Арка­дзій Іосіфавіч Нафрановіч. Ён навучыў мяне граць на мандаліне. А ў педвучылішчы я асвоіла акардэон. Дырэктар Краніт Фёдаравіч Пушкар прывіў любоў да спорту. Мы захоплена гулялі ў футбол, валейбол, тэніс. Школа вабіла да сябе магнітам і фарміравала нашы характары.

— Кажаце, што з 1 класа марылі стаць настаўніцай. Як ажыццяўлялі мару?

— Закончыўшы з адзнакай 8 класаў, паступіла ў Полацкае педвучылішча. І зноў мне пашанцавала на педагогаў. Яны былі творчыя, таленавітыя, умелі ў кожным навучэнцу раскрыць яго найлепшыя якасці. Вучылася добра, актыўнічала ў грамадскім жыцці. Стала першай ленінскай стыпендыяткай у вучылішчы. З’яўлялася намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі. У тыя гады якраз разгортваўся будатрадаўскі рух. Дык вось, мы таксама стварылі ў сваёй навучальнай установе такі атрад. Мяне выбралі ў ім камісарам. Два леты будавалі музей у Бярэзінскім запаведніку. Гэта быў самы рамантычны час. Жылі на беразе возера ў вагончыках. Нягледзячы на тое, што стамляліся на працы, па вечарах ладзілі танцы, канцэрты.

— І куды трапіла па размеркаванні адна з найлепшых выпускніц вучылішча?

— Калі яшчэ была на 3-м курсе, мне прапанавалі пасаду вызваленага сакратара камсамольскай арганізацыі вучылішча. Адмовілася. Паколькі вырасла на хутары, дзе асаблівы ўклад жыцця, мне не хацелася заставацца ў горадзе. Таму і па размеркаванні выбрала не Полацк, Наваполацк, Віцебск, а сваю Пастаўшчыну. Пачынала ў Валкоўскай СШ. Калі ў РАНА атрымала туды накіраванне, ажно расплакалася, бо Валкі вельмі далёка ад бацькоўскага дома. Але школа спадабалася — новая, светлая, прасторная. Педкалектыў дружны. Сваіх вучняў палюбіла. Адначасова са мной у школу прыехала яшчэ 5 маладых спецыялістаў. Мы здружыліся з мясцовай моладдзю, весела праводзілі вольны час. У школе і клубе была добрая мастацкая самадзейнасць. Я выступала на сцэне — грала на акардэоне і спявала. А наш школьны хор заняў 1-е месца ў раённым конкурсе мастацкай самадзейнасці і быў узнагароджаны турыстычнай пуцёўкай у Маскву.

Пасля Валкоў працавала арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы ў дунілавіцкай школе, затым — метадыстам РАНА. А ў 1978 годзе стала інструктарам райкама партыі.

— Які перыяд сваёй працоўнай дзейнасці лічыце найбольш плённым?

— У кожным перыядзе былі свае цяжкасці і свае набыткі. Найбольш плённымі для мяне сталі тыя 20 гадоў, калі працавала намеснікам старшыні райвыканкама. Было складана. Але гэта загартоўвала. Дастаткова ўзгадаць 90-я: развал СССР, разбурэнне эканамічных сувязей, усталяванне граніц, абясцэньванне грошай, падзенне маральных асноў. Тое, чым мы жылі, у адначассе абрынулася. Ішла да людзей, размаўляла з імі. Выслухоўвала шмат непрыемнага. Але старалася данесці аб’ектыўную інфармацыю, настроіць калектывы на пазітыў.

 Раёну пашанцавала, што ў той надзвычай складаны час ім кіраваў валявы, прынцыповы, настойлівы Васілій Васільевіч Чэпік. Ён змог падабраць моцную каманду аднадумцаў, усяліць у нас веру і ўпэўненасць у лепшы заўтрашні дзень. І сапраўды, раён дасягнуў многага. Не стану называць прозвішчы тых, з кім разам працавала, іх дзясяткі. Скажу толькі, што ўдзячная кожнаму. Я з павагай ставілася да кадраў, радавалася кар’ернаму росту маладых і працягваю гэта рабіць зараз. А Пастаўшчыне ёсць кім ганарыцца.

— Усе ў раёне вас ведалі, паважалі, падпарадкоўваліся вам. І вось статус змяніўся — пайшлі на пенсію. Не ўтварыўся вакуум?

— Не ўтварыўся. Падтрымліваю цесныя сувязі з тымі, з кім ра­зам працавала, і з цяперашнімі кадрамі таксама. Цікаўлюся станам спраў у раёне. Акрамя таго, у мяне шмат сяброў. Дзякуючы інтэрнэту падтрымліваю сувязі з аднагрупнікамі па педвучылішчы і аднакурснікамі па педінстытуце, які заканчвала завочна. Такім чынам, адарванай ад жыцця не бываю. Вельмі люблю чытаць. Калі працавала, на гэта захапленне мела мала часу. Зараз яго дастаткова. Перавагу аддаю гістрычным раманам. Шмат класікі перачытала з уласнай багатай бібліятэкі, бяру кнігі і ў раённай.

— Нарэшце, пра самае галоўнае. Аснова асноў — сям’я…

— Налета споўніцца 50 гадоў, як я выйшла замуж. З Аляксандрам пазнаёмілася, калі працавала ў Валках. Пакахалі адно аднаго і стварылі сям’ю. Ён — былы воін-інтэрнацыяналіст. Давялося служыць у Егіпце. Мае баявы медаль, але страціў там здароўе, таму прайшоў нямала бальніц і дактароў. Перажылі з ім шмат, стараемся ва ўсім падтрымліваць адно аднаго. Наша дачка Святлана закончыла Полацкае музычнае вучылішча і выкладае ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе «баян». Работу вельмі лю­біць, прывіла любоў да музыкі многім сваім таленавітым вучням. Зяць Пётр — былы пагранічнік, зараз працуе ў райвыканкаме. Творчая натура ўнучка Вераніка. Яна таксама выпускніца Полацкага музвучылішча, піяністка. Вось ужо 6 гадоў замужам. Муж Яўгеній — баяніст. Абое працуюць у школе мастацтваў у Докшыцах.

— Ваш дом падобны да аранжарэі — паўсюль раскошныя кветкі. А летам і гародчык патанае ў іх. Чыя ў гэтым заслуга: ваша або мужа-агранома?

— Агульная. Разам займаемся і кветкамі, і агародам. Любім прыгажосць і ствараем яе. Добра, калі і садавіна, агародніна свае. Хіба можна прывазную параўнаць з вырашчаным сваімі рукамі? З нецярпеннем чакаем вясны. Хутка пачну высяваць расаду. Мінулы год з-за хвароб быў для мяне няпросты. Хочацца верыць, што 2022-і не прынясе вялікіх засмучэнняў.

— Дзякуй, Ала Эдмундаўна, за гутарку. Здароўя вам і добрага настрою!


 Гутарыла Фаіна Касаткіна, газета «Пастаўскі край»