Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45 (тэлефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама:kanz@rikpostavy.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Палац Тызенгаўза Набярэжная Паставы ноччу Храм Паставаў Начная набярэжная
Палац Тызенгаўза
Палац Тызенгаўза
Набярэжная
Паставы ноччу
Храм Паставаў
Начная набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
29 кастрычніка 2020

Не толькі прыгожы, але і смачны

На працягу трох асенніх месяцаў Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар» ладзіць бясплатныя адукацыйныя курсы для дарослых. Тэмы розныя: рамонт, садаводства, здаровы лад жыцця…

Ёсць і заняткі, прысвечаныя традыцыйнай кухні Пастаўшчыны. Адзін з іх прайшоў 23 кастрычніка. Удзельнікі клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» паказалі ўсім ахвотным, як гата­ваць «Вясельнага парсючка».

­Сярэдзіна восені ў нашых продкаў заўжды была багатай на вяселлі. Ураджай сабраны, палявыя работы скончаны, Піліпаўскі пост не пачаўся — можна і пагуляць. На свята стараліся накрыць багатыя сталы. У вёсках стравы былі з простых, даступных прадуктаў: бульбы, мяса, грыбоў, капусты… Іх умелі не толькі смачна гатаваць, але і прыгожа афармляць. Прычым у розных кутках Пастаўшчыны свае кулінарныя традыцыі ў прыгатаванні вясельных страў.

— Упершыню рэцэпт «Вясельнага парсючка» нам расказалі на Груздаўшчыне, — гаварыла дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, удзельніца клуба «Традыцыя» Ксенія Грэська. — У 2008 годзе мы прэзентавалі гэту страву на фестывалі нацыянальных культур у Міёрах. А летась паказалі ў Расонах на абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца», які праходзіць раз у два гады. Многія падыходзілі да нашага стала, не хаваючы свайго здзіўлення і захаплення. Спадабаўся не толькі парсючок. Мы вазілі з сабой і вясельнага барана. Дарэчы, традыцыя яго выпякаць была вельмі распаўсюджанай на Лынтупшчыне. У Андронах такія рабілі з дражджавога цеста. А ў Паставах, напрыклад, на вясельным стале можна было ўбачыць буслоў, вылепленых з чорнага хлеба. Наш клуб з інтарэсам паглыбляецца ў гэту тэму. Спадзяёмся, атрымаецца адрадзіць і іншыя арыгінальныя рэцэпты.

Што да парсючка, то інгрэдыенты для яго прыгатавання простыя. Цеста робіцца з перакручанай на мясарубку варанай бульбы, у якую дабаўляюцца мука, яйкі і соль. Начынка можа быць самай рознай. Напрыклад, удзельнікі «Традыцыі» ў Лынтупах гатавалі гэту страву са смажанымі грыбамі, цыбуляй і морквай. Грыбы можна замяніць мясам або салам, дабавіць квашаную капусту ці іншыя прадукты на свой густ.

«Вясельны парсючок» паўгадзіны запякаецца ў духоўцы і падаецца на стол са смятанай. У тым, наколькі смачным ён атрымаўся, пераканаліся ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Які ж кулінарны майстар-клас без дэгустацыі?

Яшчэ адзін занятак для аматараў беларускай кухні пройдзе 13 лістапада. Удзельнікі клуба «Традыцыя» пакажуць, як гатаваць стравы Піліпаўскага посту. Пачатак у 11 гадзін. Папярэдні запіс па тэлефоне 8 (029) 776-04-22.

Іна Сняжкова, газета «Пастаўскікрай». Фота аўтара

Удзельнікі клуба «Традыцыя» з прыгатаваным «Вясельным парсючком»