Аўтаномны пажарны апавяшчальнік — ваш самы надзейны ратавальнік
Статыстыка паказвае, што больш за 50% пажараў з гібеллю людзей адбываецца менавіта ў той момант, калі чалавек спіць. У сне ён не адчувае паху дыму і таму найбольш безабаронны. Своечасова выявіць загаранне і тым самым прадухіліць пажар, гібель людзей і матэрыяльны ўрон можна, устанавіўшы ў кватэры аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА).
Аўтаномны пажарны апавяшчальнік – гэта найбольш даступны сродак, здольны засцерагчы людзей і іх жыллё ад страшных наступстваў пажару. Прыбор рэагуе на ўзніклае задымленне, падаючы магутны гукавы сігнал, пачуць які можа не толькі спячы чалавек, але і яго суседзі. У эксплуатацыі ён вельмі просты і непераборлівы: неабходна раз на год мяняць батарэйкі і перыядычна чысціць АПА ад пылу.
Вельмі важна правільна выбраць месца ўстаноўкі апавяшчальніка. Аптымальная кропка – у цэнтральнай частцы столі з невялікім зрушэннем у бок акна або дзвярэй, дзе адбываецца рух паветраных патокаў. Дапускаецца ўсталёўваць: на столі ля сцяны, але не бліжэй за 10 см ад яе, на сцяне на адлегласці ад столі ад 10 да 30 см. Не рэкамендуецца ўстаноўка бліжэй за 50 см ад вугла. Спрацаваўшы, апавяшчальнік падае гучны сігнал, здольны разбудзіць моцна спячага чалавека і нават заглушыць гук працуючай бытавой тэхнікі (напрыклад, пыласоса або пральнай машыны). Многіх цікавіць, як спыніць гучанне, калі апавяшчальнік спрацаваў не ад пажару. Для гэтага неабходна праветрыць памяшканне альбо на працягу некалькіх секунд прапыласосіць АПА, не здымаючы са столі.
Ад чаго адбываюцца ілжывыя спрацоўванні? Нярэдка гэта бывае з-за таго, што пары тлушчаў і іншых рэчываў, трапляючы ў адтуліны дымавой камеры, асядаюць на сценках пластыкавага корпуса і, высыхаючы, ператвараюцца ў шчыльны налёт. Яшчэ адна прычына спрацоўванняў — трапленне ў камеру дыму з печы, з двара праз адчыненыя дзверы або ў выніку актыўнага курэння. Але гэта сведчыць аб тым, што ваш апавяшчальнік выдатна працуе, і варта толькі ліквідаваць крыніцу дыму. І апошняя прычына, што, зрэшты, сустракаецца вельмі рэдка — няспраўнасць апавяшчальніка.
Неабходнасць устаноўкі апавяшчальнікаў у кожным доме бясспрэчная. Але шкада, што не вынайдзены яшчэ прыбор, здольны пазбавіць людзей ад абыякавага стаўлення да ўласнай бяспекі.
Памятайце: залог вашага дабрабыту – захаванне правіл пажарнай бяспекі. Беражыце сябе і сваіх блізкіх! У выпадку ўзнікнення пажару тэлефануйце 101 або 112!