Амністыя з індывідуальным падыходам
Чатыры пастановы аб прымяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» вынесены на першым пасяджэнні камісіі па разглядзе спраў асуджаных, якія падпадаюць пад яго дзеянне, і накіраваны на зацвярджэнне ў пракуратуру раёна.
Пасяджэнне адбылося 20 жніўня ў Пастаўскім РАУС. На ім былі вывучаны 10 спраў асуджаных, якія адбываюць пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі, 3 з іх — у дачыненні да непаўналетніх. Папярэдне вынесена 4 станоўчыя рашэнні.
— Закон прыняты з мэтай рэалізацыі прынцыпу гуманізму і ў сувязі са значнай датай у
гісторыі нашай краіны. Ён уступіў у сілу 19 ліпеня і падлягае выкананню на працягу 9 месяцаў, — расказвала начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Вольга Далінкевіч. — Дакументам вызначаны катэгорыі асоб, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання, асуджаных за злачынствы, якія не адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх: непаўналетнія; цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей да 18 гадоў; асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту; інваліды I і II груп; хворыя на анкалагічныя захворванні і актыўную форму туберкулёзу; ВІЧ-інфіцыраваныя; ветэраны баявых дзеянняў, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама іншыя катэгорыі асуджаных. Пры ўмове, што яны здзейснілі злачынства да ўступлення закона ў сілу.
Амністыя не распаўсюджваецца на тых, хто ўжо трапляў пад яе ў 2014—2019 гадах або быў памілаваны, але зноў здзейсніў наўмыснае злачынства. Не закране яна і тых, хто цалкам не кампенсаваў прычыненую злачынствамі шкоду (урон), не выплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам. Вызваленне ад крымінальнай адказнасці «не свеціць» тым, хто злосна парушае парадак адбывання пакарання, а таксама здзейсніў злачынствы, якія характарызуюцца высокай грамадскай небяспекай (забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, злачынныя дзеянні сексуальнага характару, бандытызм, карупцыя, парушэнне правіл дарожнага руху ў стане ап'янення, якое пацягнула смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, і шэраг іншых).
Пасяджэнні камісіі па разглядзе спраў асуджаных, якія падпадаюць пад дзеянне закона, будуць праводзіцца кожны другі і чацвёрты аўторак месяца. Рашэнне аб прымяненні альбо непрымяненні амністыі прымаецца ў дачыненні да кожнай асобы індывідуальна. Вынесці яго трэба будзе яшчэ ў дачыненні да 139 чалавек.
Вераніка Філановіч, газета «Пастаўскі край»