Аляксей Кушнарэнка абраны членам Прэзідыума УНС

Вакансія ў Прэзідыуме ўзнікла вясной бягучага года пасля кадравых змен ва ўрадзе – Канстанцін Бурак быў прызначаны памочнікам Прэзідэнта – інспектарам па Гродзенскай вобласці, у сувязі з чым страціў статус дэлегата УНС і члена Прэзідыума.

Прэзідыум УНС з'яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, падсправаздачным Сходу і забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю УНС. Членамі Прэзідыума з'яўляюцца Старшыня УНС і яго намеснікі. Іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца з ліку дэлегатаў УНС. Гранічная колькасць Прэзідыума УНС складае 15 чалавек.

У адпаведнасці з законам "Аб Усебеларускім народным сходзе" члены Прэзідыума выбіраюцца тайным галасаваннем. Аднак у ходзе вылучэння кандыдатуры Аляксея Кушнарэнка кіраўнік беларускай дзяржавы і Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заканадаўства ў гэтых адносінах, магчыма, варта падкарэктаваць.

"Тое, што мы абавязкова павінны (правесці працэдуру тайнага галасавання за кандыдата. - Заўв. БЕЛТА), згодна з нашай дэмакратыяй, - ужо крытыкуюць мяне за гэта. Але пры чым тут я? Гэта ж вы прымалі рашэнне, што ўсе члены Прэзідыума УНС выбіраюцца тайным галасаваннем. Многія зараз, нават Аляксандр Мікалаевіч (намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец. - Заўв. БЕЛТА) кажа, што гэта можна было б рабіць і адкрытым галасаваннем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Атрымліваецца так, што члена Прэзідыума тайна выбіраем, а далей мы будзем прызначаць суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў - гэта адкрытым галасаваннем. Таму мы разгледзім, яшчэ раз вернемся да гэтага закона. І трэба падрэгуляваць, каб час сапраўды не губляць, неяк ураўнаважыць і збалансаваць сітуацыю".

Крыніца