6 чэрвеня стартуе рэспубліканская акцыя «Канікулы без дыму і агню»
Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне ў перыяд летняга дзіцячага адпачынку рэспубліканскай акцыі МНС «Канікулы без дыму і агню». Галоўная яе мэта – папярэджанне ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей.
Тры месяцы лета, з 6 чэрвеня па 31 жніўня, ратавальнікі будуць навучаць дзяцей і дарослых правілам бяспекі ў прышкольных і летніх аздараўленчых лагерах, напаўняючы вольны час удзельнікаў мноствам сучасных, займальных і ў той жа час карысных навучальных мерапрыемстваў, у тым ліку, і ў анлайн рэжыме.
«Дзень МНС», «МНС-ЛЭНД», гульня «Школа юных ратавальнікаў», тэматычныя тэатралізаваныя прадстаўленні, віктарыны, анлайн-квізы па бяспецы, майстар-класы, экскурсіі па цэнтрах бяспекі, музеях і пажарных аварыйна-выратавальных часцях і яшчэ мноства разнастайных мерапрыемстваў ад прапагандыстаў МНС дазволяць дзецям бліснуць эрудыцыяй і кемлівасцю, праявіць творчы патэнцыял, выпрабаваць свае сілу і цягавітасць, але самае галоўнае – засвоіць, паўтарыць і замацаваць правілы бяспекі жыццядзейнасці.
21 чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень бацькі. І гэта свята не засталося без увагі работнікаў МНС, бо таты, нароўні з мамамі ўносяць свой вялікі ўклад у станаўленне і развіццё дзіцяці, у тым ліку і ў пытаннях фарміравання культуры бяспекі. Актыўным татам прапагандысты МНС прапануюць разам з іх дзецьмі стварыць сваю «бяспечную» радаводную кнігу, паэксперыментаваць, выконваючы правілы бяспекі, стварыць «бяспечны» кулінарны шэдэўр, бліснуць талентамі, праспяваўшы «хіт бяспекі» або падрыхтаваўшы «запальны» танец. А, каб усе па вартасці змаглі ацаніць поспехі ўдзельнікаў, іх відэаролікі ратавальнікі размесцяць у афіцыйных групах МНС у сацыяльных сетках.
Акрамя таго, у рамках акцыі будзе праводзіцца навучанне правілам пажарнай бяспекі работнікаў дзіцячых аздараўленчых і прышкольных лагераў, у т.л. дзяжурнага персаналу, дэманстравацца тэматычныя відэа і мультыплікацыйныя фільмы ад МНС, раздавацца наглядная навучальная прадукцыя.
Дапамагаць прапагандыстам МНС у правядзенні мерапрыемстваў акцыі будуць актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, студэнты, прадстаўнікі АСВОД, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, часопіса «Юны ратавальнік» і інш. Бо захаванне жыцця і здароўя дзяцей – гэта агульная мэта ўсіх дарослых! А таксама, МНС нагадвае: будзьце прыкладам для свайго дзіцяці – не дазваляйце яму гуляць з запалкамі, бо ў адно імгненне гульня можа перарасці ў трагедыю.
Удзельнічайце ў мерапрыемствах МНС і будзьце ў бяспецы!